Уладзімір Лабковіч настойвае на пакаранні суддзі
Сябра Рады Праваабарончага цэнтру "Вясна" Уладзімір Лабковіч 18 кастрычніка накіраваў у Мінскі гарадскі суд скаргу на пастанову суда Савецкага раёна. Праваабаронца не згодны са штрафам, якому ён падвергнуты за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў пра кіраўніка арганізацыі палітвязня Алеся Бяляцкага.
Пастанову пра штраф была вынесена 8 кастрычніка намеснікам старшыні суда Савецкага раёна г.Мінска Эдуардам Якубоўскім, які пераглядаў адміністратыўную справу праваабаронцы.
Нагадаем, Уладзімір Лабковіч абскардзіў у Мінскі гарадскі суд пастанову пра штраф ад 6 жніўня 2013 года, вынесеную на падставе часткі 1 артыкула 23.34 КаАП ("парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства") суддзёй Савецкага раёна Дзмітрыем Паўлючэнкам. Мінскі гарадскі суд пастанавіў адмяніць гэтую пастанову, накіраваўшы справу ў суд Савецкага раёна на перагляд да новага суддзі.
У выніку адміністрацыйнае спагнанне ў дачыненні да праваабаронцы пакінута ранейшым - штраф у 30 базавых велічынь.
На гэты раз Уладзімір Лабковіч паведамляе ў Мінгарсуд, што на момант падачы касацыйнай скаргі яму нават не вядома, што паслужыла для суда падставай прызнаць яго вінаватым у адміністрацыйным правапарушэнні: «У самім працэсе суддзя суда Савецкага раёна г.Мінска Эдуард Якубоўскі, які старшыняваў у судовым пасяджэнні, азнаёміў мяне толькі з выніковай часткай пастановы, бо ў сувязі з адсутнасцю электрычнасці ў будынку суда на момант разгляду маёй скаргі, не мог, з яго слоў, вырабіць поўны тэкст пастановы".
Атрымліваецца, што «па тэхнічных прычынах» судздзя Якубоўскі пазбавіў Лабковіча права на абарону ў рамках касацыйнай вытворчасці. «Фактычна я магу толькі здагадвацца пра тое, у чым жа я сапраўды прызнаны вінаватым», - піша праваабаронца ў скарзе.
Пастанову суда Уладзімір Лабковіч лічыць незаконнай і падлягаючай адмене. Віну ў здзяйсненні правапарушэння ён не прызнаў, што растлумачыў суду падчас адміністратыўнага працэсу: «З'яўляючыся сябрам Рады Праваабарончага цэнтру "Вясна", ва ўказаны час ва ўказаным месцы [разам з калегай Таццянай Рэвяка ён быў затрыманы 5 жніўня 2013 года на праспекце Незалежнасці ў раёне ЦУМа - рэд.] раздаваў паштоўкі з мэтай інфармавання грамадзянаў Беларусі пра лёс Алеся Бяляцкага - вядомага праваабаронцы, старшыні праваабарончага цэнтра "Вясна", які адбывае крымінальнае пакаранне па сфабрыкаваным абвінавачванні... Маё затрыманне ў дадзеным выпадку абмежавала права на свабоду выказвання меркавання і права на правядзенне мірных масавых мерапрыемстваў (з улікам тлумачэння раздачы паштовак як пікету, а пікету - як масавага мерапрыемства паводле нацыянальнага Закона)».
Лабковіч нагадвае судовай інстанцыі, што Канстытуцыя Беларусі і Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах даюць грамадзянам права свабодна распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі рознымі спосабамі па ўласным выбары, і абмежаванне гэтага права павінна быць заснавана на законе і мець неабходнасць у дэмакратычным грамадстве. Пры гэтым умяшанне павінна быць прапарцыйным заяўленым мэтам і не прыводзіць да яшчэ большага абмежавання грамадска значных інтарэсаў.
У скарзе праваабаронца просіць Мінскі гарадскі суд адмяніць пастанову суддзі Савецкага раёна г. Мінска ад 8 кастрычніка пра штраф і спыніць справу аб адміністратыўным правапарушэнні. Таксама Уладзімір Лабковіч настойвае на прыцягненні да адказнасці суддзі суда Савецкага раёна Мінска Эдуарда Якубоўскага за непрадстаўленне копіі пастановы аб адміністратыўным правапарушэнні, што пазбавіла яго магчымасці касацыйнага абскарджвання.
Чытайце па тэме:
Закон – не для суддзяў?
Перагляд справы Уладзіміра Лабковіча прызначаны на 18 верасня
Суд перанёс перагляд справы Уладзіміра Лабковіча
Супрацоўнік міліцыі не жадае сведчыць па справе Уладзіміра Лабковіча
Суд па справе Лабковіча сёння таксама не адбыўся
Праваабаронцу
Уладзіміра Лабковіча пакаралі штрафам. З чацвертай спробы