Google запускае «Шчыт» у падтрымку правааборонцаў і медыяў
Карпарацыя Google абвясціла, што будзе супрацьстаяць цэнзуры і засцерагаць незалежныя медыі і групы абароны правоў чалавека ад кібератак. Дзеля гэтага анансаваны пакет з некалькіх новых сервісаў.
«Project Shield» стварае «шчыт» для сайтаў ад палітычна-матываваных DDoS-атак. Кампанія будзе прадстаўляць праз сваю інфраструктуру пацярпелым сайтам вядомы ўжо надзейны метад абароны, які хавае IP-адрас рэсурса, што трапіў пад атаку і не дапускае да яго фальшывы трафік.
Сэрвіс цяпер знаходзіцца ў стадыі тэставання. У яго прома-відэа згадваецца папулярны навінавы сайт на персідскай мове, які паспяхова апрабаваў абарону, таксама па звестках Forbes, Google абараніў сайт маніторынгу вынікаў галасавання ў Кеніі. Запіс на бэта-тэставанне адбываецца тут.
Іншы новы сэрвіс Google атрымаў назву uProxy, ён накіраваны на вельмі шырокую аўдыторыю. Паўсюль, дзе карыстальнікі сутыкаюцца з цэнзурай сеціва, Google дасць магчымасць абысці яе праз дапамогу сяброў з замежжа. Фактычна любы карыстальнік зможа ўсталяваць адмысловы дадатак ў браўзер, з дапамогай якога будзе наладжаны шыфраваны канал да іншага карыстальніка інтэрнэт, праз які адбудзецца аўтаматычны абыход заблакаваных у краіне рэсурсаў. Сэрвіс uProxy таксама пакуль знаходзіцца ў тэставым перыядзе, запісацца ў бэта-тэсцеры можна тут.
Трэці сэрвіс, які прадставіў Google, ужо працуе ў поўным абъёме. Digitalattackmap.com у рэжыме рэальнага часу паказвае кібератакі, што цяпер адбываюцца ў сеціве.