Ліквідаваная беларуская праваабарончая арганізацыя “Прававая дапамога насельніцтву”.
8 верасьня каля 16 гадзінаў судзьдзя Мінскага гарадкога суда Натальля Жупікава абвясьціла рашэньне аб ліквідацыі праваабарончай арганізацыі – Грамадзкага аб’яднаньня “Прававая дапамога насельніцтву”.
Судовы разгляд справы аб ліквідацыі “Прававой дапамогі насельніцтву” павінен быў распачацца 5 верасьня, але паколькі ў кабінеце судзьдзі Н. Жупікавай, дзе мусіў быў адбывацца працэс, не хапіла месца для ўсіх прысутных, а адказчыкі настойвалі на прадастаўленьні магчымасцьці прысутнічаць на адкрытым судовым працэсе ўсіх жадаючых, судзьдзя пернесла разгляд на 8 верасьня.
8 верасьня іншае памяшканьне для правядзеньня працэсу не было прадстаўленае. У кабінет судзьдзі Н. Жупікавай супрацоўнікі міліцыі, якія ахоўвалі будынак суда, дазволілі прайсьці толькі прадстаўнікам Міністэрства юстыцыі, АБСЕ і запрасілі адказчыкаў. Астатнія прысутныя, сярод якіх – прадстаўнікі беларускіх праваабарончых і іншых грамадзкіх арганізацыяў, замежных амбасадаў, жонкі зьніклых журналіста і бізнесмена Сьвятлана Завадзкая і Ірына Красоўская, журналісты і простыя грамадзяне – былі вымушаныя чакаць на лесьвіцы ці на вуліцы каля будынку суда. Адказчыкі, у тым ліку і старшыня “Прававой дапамогі насельніцтву” Алег Волчак адмовіліся браць удзел у такім “адкрытым працэсе” і засталіся разам з прысутнымі, якія прыйшлі, каб выказаць салідарнасьць супрацоўнікам ліквідуемай праваабарончай арганізацыі.
У хуткім часе стала вядома, што судзьдзя, нягледзячы на адсутнасьць падчас судовага паседжаньня адказчыкаў, распачала працэс, і ў выніку пасьля абеду абвясьціла пра сваё рашэньне аб задавальненьні зыску ўпраўленьня юстыцыі Мінгарвыканкаму аб ліквідацыі Грамадзкага аб’яднаньня “Прававая дапамога насельніцтву”.