Спэцапэрацыя міліцыі перад самітам СНД
Міліцыя прэвэнтыўна затрымлівае актывістаў незарэгістраваных аб’яднаньняў, заўважаных раней у несанкцыянаваных акцыях. Сваякі затрыманых і праваабаронцы называюць падобныя дзеяньні міліцыі правакацыяй. У Менску на працоўным месцы а другой гадзіне дня быў затрыманы актывіст кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэй Моўчан.
Як паведаміла Свабодзе ягоная сястра Вольга Моўчан, Андрэй
нават не пасьпеў пераапрануць працоўную форму — ён працуе
рознарабочым у адной з прыватных менскіх фірм:
«У 14:02 ён мне патэлефанаваў і сказаў, што да яго
на працу прыйшлі супрацоўнікі Маскоўскага РУУС Менску, нібыта хочуць
пагаварыць. Начальнік не хацеў адпускаць яго з працы, але міліцыянты
яму прыгразілі і сказалі, што арыштоўваць ня будуць. Але тут
жа забралі і адвезьлі ў пастарунак.
Я спрабавала пазьней высьветліць, для чаго яго павезьлі, мне патлумачылі,
што нібыта для вочнай стаўкі, бо да іх паступіў званок пра
крадзеж тэлефона. Пазьней у РУУС склалі пратакол за непадпарадкаваньне
міліцыі, нібыта ён адмовіўся зьняць з рукі гадзіньнік, лаяўся
на міліцыянтаў. Але сьведчаньні міліцыянтаў не супадаюць з тым,
што там адбывалася насамрэч, і чаму яго арыштавалі.
Я сказала міліцыянтам, што так нельга рабіць, што гэта парушэньне закону,
правакацыя.
Заўтра будзе суд над Андрэем, яны сказалі, што ў 14 гадзін. Але
думаю, што яго асудзяць раней. Мы з маці паедзем раніцай у суд,
хочам хаця б перадаць яму цёплыя рэчы».
Летась 4 ліпеня Першамайскі суд Менску аштрафаваў Моўчана на 800 тысяч
рублёў за тое, што ён разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг у знак
салідарнасьці з палітвязьнем Сяргеем Каваленкам. Тады яго моцна зьбілі
міліцыянты, сур’ёзна траўмавалі вока, і Моўчан доўгі час правёў
у шпіталі хуткай дапамогі.
Як паведаміла праваабаронца Наста Лойка, яшчэ аднаму актывісту
«Эўрапейскай Беларусі» Аляксандру Тарнагускаму зь Дзяржынску прыслалі
на заўтра позву ў міліцыю.
Сёньня ж асудзілі лідэра беларускіх нацыянал-бальшавікоў Яўгена
Контуша. Міліцыянты затрымалі таксама актывіста гэтага рухуДзьмітрыя Паліенку.
Сярод магчымых прычынаў прэвэнтыўных затрыманьняў праваабарончы цэнтар «Вясна»
называе паседжаньне Рады кіраўнікоў МЗС краінаў СНД, якое пачнецца
ў Менску 24 кастрычніка.
«Самі актывісты называюць гэтае затрыманьне прэвэнтыўным, перад самітам СНД.
Я не выключаю, што гэта захады, якія робяць улады дзеля таго, каб
гэтыя візыты адбываліся больш спакойна. Бо нейкіх акцыяў актывісты
ня ладзілі, і не было іншых падстаў. І тое, што пратаколы
складзеныя за хуліганства, сьведчыць, што гэта якраз прэвэнтыўныя
захады», — заявіла Свабодзе сябра праваабарончага цэнтру «Вясна»Наста Лойка.