Бабруйск: У кватэры блогера Алега Жалнова ідзе ператрус
Ад 07.10 раніцы ў кватэры Алега Жалнова ідзе ператрус. Супрацоўнікі міліцыі праніклі ў памяшканне ў той момант, калі адтуль выходзіла жонка бабруйскага блогера.
Ператрус праводзяць маёры міліцыі Сяргей Рудзько, Дзмітрый Ракоўскі. Яны маюць пры сабе санкцыю ад пракурора Артура Карапецяна, а таксама ад намеснікаў начальніка бабруйскага УУС – Віталя Харлапава і Аляксандра Сяргеева.
Падставай для агляду “месца здарэння”, як указана ў пастанове, стала заява маёра ДАІ Яўгена Сераштанава. “Даішнік” незадаволены тым, што ў бягучым і мінулым годзе ў інтэрнэце былі размешчаны аўдыё і відэаматэрыялы, якія прыніжаюць яго гонар і годнасць. У пастанове гаварыцца, што матэрыялы выкладзеныя “невядомай асобай, меркавана Алегам Жалновым”. Пры гэтым Сераштанаў просіць распачаць супраць блогера крымінальную справу.
Нагадаем, што зараз Алег Жалноў судзіцца з супрацоўнікамі ДАІ. “Даішнікі” даводзяць суддзі Наталлі Чарапуха, што блогер і яго сын Аляксей аказвалі ім супраціў, прымянялі фізічную сілу, у адказ на просьбу прайсці ў аддзяленне. Жалновы настойваюць на тым, што супраціўлення не аказвалі, а наадварот, самі сталі ахвярамі перавышэння паўнамоцтваў з боку супрацоўнікаў ДАІ.