viasna on patreon

Кіраўніцтва БАЖ сустрэлася з начальнікам сталічнай міліцыі

2013 2013-10-24T14:01:48+0300 2013-10-24T14:01:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/litvina-bastunec.jpg
Cтаршыня ГА "БАЖ" Жанна Літвіна і намеснік старшыні Андрэй Бастунец

Cтаршыня ГА "БАЖ" Жанна Літвіна і намеснік старшыні Андрэй Бастунец

23 кастрычніка старшыня ГА «БАЖ» Жанна Літвіна і яе намеснік Андрэй Бастунец сустрэліся з начальнікам ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандрам Барсуковым.

Тэмай гутаркі стала масавае затрыманне журналістаў 19 кастрычніка на чыгуначным вакзале ў Мінску, паведамляе сайт ГА «БАЖ».

– Сустрэча з Аляксандрам Барсуковым цягнулася больш за паўгадзіны. Кіраўнік сталічнай міліцыі выслухаў усе нашы аргументы і нашу занепакоенасць адвольнымі затрыманнямі журналістаў, – кажа Жанна Літвіна. – Мы яшчэ раз нагадалі, што не толькі ў супрацоўнікаў міліцыі, але і ў журналістаў ёсць свае прафесійныя правы і абавязкі, якія заключаюцца ў тым, каб знаходзіцца непасрэдна на месцы падзеяў і фіксаваць, здымаць, занатоўваць усё, што адбываецца.

У сваю чаргу, Аляксандр Барсукоў адзначыў, што ў суботу ён не знаходзіўся на месцы канфлікту, але адразу ж прыбыў туды, бо прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі быў у адпачынку.

Аляксандр Барсукоў падкрэсліў, што асабіста праверыў дакументы ў журналістаў, пасля чаго даў падначаленым каманду вызваліць усіх прадстаўнікоў СМІ.

– Акрамя суботняга выпадку, – працягвае Жанна Літвіна, – мы абмеркавалі агульны стан узаемадачыненняў міліцыі з прэсай.

Кіраўнікі арганізацыі распавялі сп-ру Барсукову пра дадзеныя маніторынгу, паводле якога за гэты год было як мінімум 35 выпадкаў затрымання журналістаў. Чатыры з іх скончыліся адміністратыўнымі арыштамі.

Барсукоў мяркуе, што дачыненні міліцыі і журналістаў у краіне апошнім часам дастаткова нармальныя, хаця і кожны з бакоў можа мець да другога пэўныя прэтэнзіі.

Жанна Літвіна прывяла прыклад наладжвання ўзаемадачыненняў міліцыі і журналістаў у суседніх краінах. У прыватнасці, распавяла пра ўвядзенне ў Маскве так званых «картак бяспекі» журналістаў, якія выдаюць органы ўнутраных спраў паводле мемарандуму, што заключылі маскоўская паліцыя і Расійскі саюз журналістаў.

Лідары БАЖ прапанавалі абмеркаваць усе гэтыя пытанні больш падрабязна на адмысловай сустрэчы журналістаў і міліцыі. Апошняя прапанова не выклікала ў кіраўніка ГУУС згоды.

Па яго словах, ён і так гатовы адказваць на любыя пытанні журналістаў падчас прэс-канферэнцый ці сустракацца з імі падчас уласных прыёмных гадзінаў.

Тым не менш, сп. Барсукоў паабяцаў вывучыць досвед бліжэйшых суседзяў і праверыць інфармацыю па тых канфліктных сітуацыях, пра якія распавялі прадстаўнікі журналсцкай арганізацыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства