viasna on patreon

Вынікі ІІІ Беларускага праваабарончага форума. Выступ Валянціна Стэфановіча на адкрыцці мерапрыемства

2013 2013-10-28T11:45:32+0300 2013-10-28T21:57:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovich-forum.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч на адкрыцці ІІІ Беларускага праваабарончага форума

Валянцін Стэфановіч на адкрыцці ІІІ Беларускага праваабарончага форума

У сваім выступе на форуме 26 кастрычніка намеснік кіраўніка ПЦ “Вясна” распавёў пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі ад моманту правядзення апошняга форума ў 2010 годзе.

З моманту правядзення апошняга форуму праваабаронцаў у верасні 2010 г. мінула тры гады. Якім чынам змянілася сітуацыя з правамі чалавека за гэты час? Пачынаючы свой выступ, я б хацеў прыгадаць агульны кантэкст на фоне якога праходзіў 2-гі форум беларускіх праваабронцаў у верасні 2010 г. Гэты перыяд часу, 2008 -2010г., які адзначыўся зніжэннем агульнага ўзроўню палітычных рэпрэсій і пэўнымі зменамі рыторыкі ўладаў, шмат хто паспяшаўся назваць перыядам “лібералізацыі”. Трэба аднак адзначыць, што ніякіх сістэмных зменаў, найперш на заканадаўчым узроўні, за гэты перыяд мы  так і не пабачылі.  Зменаў, якія б маглі сведчыць аб сур’ёзных намерах уладаў змяніць унутрыпалітычны курс і правядзенні ліберальных палітычных рэформаў у краіне. Аднак агульны кантэкст даваў пэўныя надзеі няхай на павольнае, але паляпшэнне сітуацыі. Надзею на паступовае, павольнае дрэйфаванне Беларусі ў кірунку Еўропы і магчымай трансфармацыі ў хаця б кіраваную мадэль дэмакратыі ў будучым.

Выбары прэзідэнта, якія адбываліся на больш-менш лагодным фоне  скончыліся разгонам дэманстрацыі пратэсту на пл. Незалежнасці ў Менску 19 снежня 2010 г. Гэтыя падзеі адзначылі вяртанне ўладаў краіны да звыклай рэпрэсіўнай мадэлі кіравання, перакрэсліўшы ўсе спадзявані на магчымую адлігу.  Наступствы гэтай небывалай дагэтуль хвалі масавых рэпрэсій мы адчуваем і зараз.

Менавіта на фоне ўзмацнення  палітычных рэпрэсій і прайшлі апошнія тры гады, пік якіх прыпаў на 2011 г. - менавіта тады па краіне пракацілася хваля арыштаў,  ператрусаў, адміністратыўных затрыманняў. Аб’ектамі  пераследу і ціску з боку ўаладаў сталі не толькі палітычныя апаненты дзеючай улады, але і  незалежныя журналісты і рэдакцыі незалежных СМІ, праваабронцы і праваабарончыя арганізацыі. Ператрусы прайшлі на офісах Праваабарончага цэнтру “Вясна”, БХК, Цэнтру па правах чалавека, у прыватных кватэрах праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, Алега Гулака, Раісы Міхайлоўскай, Алены Танкачовай, Насты Лойкі.

У першую ж ноч пасля завяршэння галасавання 7 з 10 кандыдатаў, якія прымалі ўдзел у выбарах, былі збітыя і затрыманыя, змешчаныя ў СІЗА КГБ, дзе большасць з іх працягвалі ўтрымліваць фактычна ўвесь перыяд папярэдняга следства. Упершыню ў найнойшай гісторыі Беларусі была ўзбуджная крымінальная справа па артыкуле Крымінальнага кодэксу “масавыя беспарадкі”. Беспрэтэндэнтная колькасць асобаў, якія ўтрымліваліся пад вартай у СІЗА КГБ і МУС, а пазней у папраўчых установах,  стала сур’ёзным выклікам для ўсёй праваабарончай супольнасці краіны. 

Зараз можна толькі здагадвацца, што паслужыла матывацыяй да такіх дзеянняў улады, аднак сёння мы можам з упэўненасцю свярджаць пра значны рэгрэс у галіне правоў чалавека пасля падзеяў 19-га снежня 2010 г. Па сваіх масштабах і наступствах поствыбарчыя рэпрэсіі 2011 г. у Беларусі суразмерныя з найгоршымі часамі станаўлення рэжыму А. Лукашэнкі ў 1996-1999 гг.

Нягледзячы на датэрміновае вызваленне праз памілаванне большасці палітычных вязняў у жніўні 2011 г., праблема палітычных зняволеных застаецца нявырашанай – за кратамі працягваюць знаходзіцца 9 палітычных зняволеных –Мікалай Статкевіч,  Алесь Бяляцкі, Эдуард Лобаў, Мікалай Аўтуховіч, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Алесь Васьковіч, Арцём Пракапенка, Андрэй Гайдукоў.  У дачыненні да вызваленых як мінімум 33 чалавек дзейнічаюць разнастайныя меры абмежавальнага характару ў сувязі з непагашанай судзімасцю – ад прафілактычнага да прывентыўнага нагляду, што дазваляе спецслужбам кантраляваць грамадска-палітычную дзейнасць дадзеных асобаў. Акрамя таго, непагашаная судзімасць пазбаўляе права балатавацца ў якасці кандыдатаў на выбарах усіх узроўняў.

Крымінальны палітычна-матываваны пераслед застаецца актуальнай праблемай сучаснай Беларусі з 1996 году і, відавочна, будзе заставацца такой у бліжэйшым будучым.

За гэтыя тры гады мы з вамі сталі сведкамі ўдасканалення найгоршых незаконных метадаў  дзейнасці беларускіх спецслужб: прывентыўныя адвольныя затрыманні, незаконныя адмінстратыўныя арышты (яскравы прыклад “ругань матам” удзельнікаў штотыднёвых маўклівых акцый), выкарыстанне катаванняў і псіхалагічнага ціску на зняволеных з мэтай атрымання прашэнняў аб памілаванні, незаконнае абмежаванне права свабоднага перамяшчэння, цэнзура і г.д.

Прычым вельмі часта незаконная з пункту гледжання нацыянальнага заканадаўства практыка (пра міжнароднае права я тут і не ўзгадваю) праз пэўны перыяд яе апрабацыі становіцца нормай дзеючага заканадаўства. Такім чынам гэтым незаконным практыкам надаецца нібыта “законны” выгляд. Так было з усеагульнай дактыласкапіяй усіх вайсковаабавязаных у краіне, з практыкай затрымання “за бяздзеянне” ўдзельнікаў маўклівых акцый пратэсту,  забаронай агітацыі за байкот апошніх парламенцкіх выбараў 2012 г.

Трэба адзначыць відавочна рэпрэсіўны характар зменаў у заканадаўстве краіны за апошнія тры гады. Гэта і змены і дапаўненні ў Крымінальны кодэкс, змены ў закон аб палітычных партыях, грамадскіх аб’яднаннях, аб мірных сходах. У Крымінальным кодэксе значнай “мадыфікацыі” быў падвергнуты артыкул “здрада радзіме”, а таксама дадзеная глава кодэкса была дапоўненая новым складам злачынства – усталяванне супрацоўніцтва са спецыяльнай службай, органамі бяспекі альбо органам выведкі замежнай дзяржавы (без прыкметаў здрады радзіме), крыміналізацыя атрымання і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі, адказнасць за заклікі да правядзення несанкцыянаваных сходаў, калі іх правядзеннне пацягнула гібель людзей ці прычыненне значнай шкоды.

Асноўныя фундаментальныя грамадзянска-палітычныя свабоды, такія як свабода мірных сходаў, асацыяцыяў, выказвання меркавання, распаўсюду і атрымання інфармацыі, носяць скрайне лімітаваны характар. Гэтыя абмежаванні ўстаноўленыя як на заканадаўчым узроўні, так і існуючымі практыкамі. Закон аб масавых мерапрыемствах фактычна робіць немагчымым правядзенне легальных міных сходаў, а апошнія змены ў закон, якія былі прынятыя ў 2011 годзе, прыраўнялі да масавых мерапрыемстаў, якія патрабуюць дазволу на іх правядзенне ад мясцовых органаў улады, нават сумеснае бяздзеянне грамадзянаў.  Закон аб грамадскіх аб’яднаннях, аб палітычных партых робіць магчымым дыферэнцыяваны падыход пры рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, утрымлівае набор штучных бюракратычных прыпонаў на шляху рэалізацыі свабоды асацыяцыў на практыцы. Праблема крыміналізацыі дзейнасці ад імя незарэгістраваных арганізацыяў застаецца ўсё яшчэ актуальнай. Нягледзячы на тое, што ў перыяд з 2008 па сённяшні дзень ні водная справа, узбуджаная па арт. 193-1 КК не была даведзеная да суда, гэты артыкул Крымінальнага кодэкса актыўна выкарыстоўваецца ў мэтах застрашэння, ціску на актывістаў грамадзянскай супольнасці. Органы пракуратуры і КДБ актыўна працягваюць выносіць афіцыйныя папярэджанні “аб недапушчальнасці парушэння закона”, дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Не лепшым чынам выглядае сітуацыя і са свабодай выказвання меркавання. Мы з вамі неаднаразова з’яўляліся сведкамі цэнзуры ў краіне, наяўнасці на практыцы разнастайных “чорных спісаў”— музыкаў, мастакоў, літаратурных твораў. Вельмі актыўна ў апошні час ў мэтах цэнзуры ўлады сталі выкарыстоўваць Закон аб супрацьдзеянні эстрэмізму. Менавіта экстрэмісцкім быў у судовым парадку прызнаны фотаальбом “Прэс-фота Беларусі 2012”, а кніга літаратурнай крытыкі Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай” -  “наносячай шкоду іміджу Рэспублікі Беларусь”. 

Варта таксама адзначыць, што сітуацыя з распаўсюдам інфармацыі, з правам на яе атрыманне таксама ўтрымлівае шэраг праблемных момантаў, гэта і спробы катролю інтэрнета (блакаванне сайтаў ці доступу да іх у дзяржаўных установах),  праблемы з акрэдытацыяй журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ, наяўнасць у Крымінальным кодэксе дыфамацыйных скаладаў злачынства (абраза прэзідэнта, паклёп у дачыэнні да прэзідэнта, абраза службовай асобы, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Нярэдкімі з’яўляюцца выпадкі затрыманняў, збіцця праваахоўнымі органамі журналістаў, якія выконваюць свае прафесійныя абавязкі падчас рознага кшталту грамадска значных мерапрыемстваў.

Асаблівую занепакоенасць выклікае стан пенітэнцыярнай сістэмы, адсутнасць грамадскага кантролю за дзейнасцю МУС і іншых спецслужбаў, што з’яўляецца  сур’ёзнай перашкодай на шляху змагання з катаваннямі і іншымі жорсткімі і бесчалавечнымі метадамі абыходжання.

Некаторыя  акты нацыянальнага заканадаўства, якія рэгулююць рэалізацыю грамадзянскіх і палітычных правоў, не адпавядаюць  міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, што неаднаразова было засведчана заключэннямі міжнародных экспертных груп і арганізацый, Венецыянскай камісіяй Рады Еўропы ў прыватнасці.

Беларусь застаецца апошняй краінай Еўропы і постсавецкай прасторы, якая дагэтуль на практыцы выкарыстоўвае смяротнае пакаранне. У перыяд так званай “лібералізацыі” мы чулі з вуснаў высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў пра тое, што Беларусь непасрэдна падышла да ўвядзення мараторыя на выкананне смяротных прысудаў. Найперш гэта абгрунтоўвалася рэзкім змяншэннем колькасці смяротных прысудаў ад 1999 г. У парламенце нават была створаная дэпутацкая група па вывучэнні магчымасці ўвядзення мараторыя. Аднак падобна, што размовы гэтыя скончыліся разам з “лібералізацыяй”, а пасля тэракту ў мінскім метро дзяржаўныя СМІ наадварот пачалі праводзіць лютую прапаганду ідэяў неабходнасці захавання такога віду пакарання. Справа Канавалава—Кавалёва ў гэтым кантэксце з’яўляецца вельмі паказальнай, не толькі таму, што яна ўскалыхнула беларускае грамадства, прымусіўшы яго задумацца над праблемай смяротнага пакарання, але і таму, што яшчэ раз яскрава прадэманстравала ўсе хібы прававой сістэмы і працэдур выканання смяротных прысудаў: адсутнасць магчымасцяў дадатковых пераглядаў судовых прысудаў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь да ўступлення іх у законную сілу, хуткае прывядзенне прысуду ў выкананне, нявыдача целаў расстраляных сваякам і неўказанне месцаў пахавання.  Усім гэтым фактам была дадзеная належная ацэнка  КПЧ ААН, які ўпершыню прызнаў парушэнне Беларуссю права на жыццё  расстралянага ў  2012 г. У. Кавалёва.  Варта адзначыць, што гэта быў ужо другі прысуд, які быў прыведзены ў выкананне насуперак экстраным мерам абароны, якія былі прынятыя КПЧ ААН. Беларусь такім чынам працягвае абраную палітыку ігнаравання і грэблевага стаўлення да сваіх міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека.

Гэта з’яўляецца яшчэ адным актуальным выклікам для беларускай праваабарончай супольнасці, паколькі робіць задзейнічанне гэтых механізмаў дзеля абароны правоў чалавека малаэфектыўнымі. Афіцыйная пазіцыя МЗС Беларусі адносна рашэнняў КПЧ ААН заключаецца ў непрызнанні абавязовага характару дадзеных рашэнняў, што з’яўляецца грубым парушэннем палажэнняў першага факультатыўнага пратаколу да МПГПП, ратыфікаванага Беларуссю. Беларусь адрыта ігнаруе і іншыя механізмы ААН: не прызнае мандат спецдакладчыка, прызначанага Радай па правах чалавека ААН, не выконвае рашэнне Працоўнай групы па адвольных затрыманнях, не даводзіць да ведама грамадзянаў прынятыя КПЧ ААН рашэнні шляхам іх апублікавання ў дзяржаўных СМІ, парушае перыядычнасць прадстаўлення справаздачаў аб выкананні МПГПП.  Не лепей выглядае сітуацыі і ў АБСЕ: непрызнанне мандата спецдакладчыка па Беларусі, прызначанага ў межах “Маскоўскага механізму” АБСЕ яскравы таму прыклад.

Малаэфектыўнасць выкарыстання міжнародных механізмаў у абарону правоў чалавека назіраецца на фоне  малаэфектыўнасці механізмаў нацыянальных. У краіне не створаныя эфектыўныя механізмы абароны правоў чалавека: няма назіральніх радаў, у тым ліку радаў грамадскага кантролю за месцамі прымусовага ўтрымання грамадзянаў, адсутнічае інстытут амбудсмэна. Інстут адвакатуры за апошні перыяд стаў яшчэ больш залежным ад Міністэрства юстыцыі, а адвакаты, якія займалі прынцыповую пазіцыю па шэрагу палітычна матываваных справах, у тым ліку па падзеях 19 снежня, былі дэманстратыўна пазбаўленыя адвакацкіх ліцэнзій ці выключаныя з калегіі адвакатаў. Завяршае гэтую невясёлую карціну судовая сістэма, якая застаецца скрайне залежнай ад выканаўчай галіны ўлады і таксама не з’яўляецца эфектыўным інструментам абароны правоў чалавека на нацыянальным узроўні.

Трэба адзначыць, што сама рыторыка ўладаў да пытанняў правоў чалавека носіць здзекліва-папулістычны характар. Усё часцей з вуснаў кіраўнікоў некаторых дзяржаваў, у тым ліку і нашай, мы чуем спробы рэвізіі прынцыпаў універсальнасці правоў чалавека, сцвярджэнні пра тое, што правы чалавека з’яўляюцца вынаходніцтвам заходняй цывілізацыі і нібыта наносяць шкоду  “адметным” і “адрозным” ад іншых грамадстваў традыцыйным і устаяўшымся стагоддзямі каштоўнасцям, традыцыям і таму “іх” стандарты правоў чалавека “чуждыя” для нас, бо ўяўляюць пагрозу для нашага грамадства.  Варта адзначыць, што такога кшталту рыторыка гучыць у асноўным з вуснаў кіраўнікоў тых дзяржаваў, якія найчасцей падвяргаюцца крытыцы з боку міжнароднай супольнасці ў сувязі з грубымі і сістэматычнымі парушэннямі правоў чалавека.  Вельмі часта пад “захаваннем традыцыйных каштоўнасцяў” хаваецца звычайная дыскрымінацыйная палітыка ўладаў у дачынэнні да меншасцяў.   

Уся гэта рыторыка адбываецца  на фоне палітыкі стыгматызацыі праваабронцаў і праваабарончага руху ў цэлым. Гэтыя тэндэнцыі характэрныя для ўсёй постсавецкай прасторы, але асабліва яскрава прысутнічае ў Расіі (“замежныя агенты”) і ў Беларусі, краінах Цэнтральнай Азіі. У Беларусі ўлады на працягу некалькіх гадоў прымалі захады, скіраваныя на маргіналізацыю праваабарончых арганізацый — выпіхвалі ў нелегальнае поле праз пазбаўленне дзяржаўанай рэгістрацыі, крыміналізавалі дзейнасць незарэгістраваных арганізацый, рабілі немагчым атрыманне легальнага знешняга і ўнутранага фінансавання праваабрончай дзейнасці, крыміналізавалі атрыманне знешняй дапамогі. Справа Алеся Бяляцкага з’яўляецца прамым вынікам гэтай мэтаскіраванай палітыкі ўладаў.

Рэзюмуючы свой выступ, я б ацаніў сітуацыю з правамі чалавека як стабільна кепскую, са шматлікімі сістэмнымі праблемамі, вырашэнне якіх патрабуе паўнавартасных унутрыпалітычных рэформаў. Аднак, ці магчыма гэта ў краіне, дзе народ  пазбаўлены магчымасці ўдзелу ў кіраванні краінай праз свабодныя і дэмакратычныя выбары, у краіне, дзе адсутнічае  канкурэнтная публічная палітыка як такая, дзе няма палітычнага плюралізму і бракуе галоснасці  ў дзейнасці дзяржаўных органаў, а ўся нікім не кантраляваная ўлада сканцэтраваная ў адных руках цягам амаль 20 год? Вядома, гісторыя ведае шмат прыкладаў трансфармацыі ў дэмакратыі і горшых палітычных рэжымаў, якія адбываліся пад уздзеяннем пэўных унутраных і знешніх фактараў.

Я магу сказаць толькі тое, што кансервацыя вышэй апісанай сітуацыі ў краіне - вось што сапраўды ўяўляе пагрозу для развіцця грамадства, вядзе да яго дэградацыі, а не міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства