Пракуратура не заўважыла парушэньняў у турме на Акрэсьціна
Пракуратура Маскоўскага раёну Менску ня выявіла парушэньняў умоў утрыманьня сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Гладышава ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсьціна.
Актывіст скардзіўся, што за 10 сутак адміністрацыйнага арышту толькі двойчы быў на шпацыры. Адсутнічала ў камэры халодная вада, не хапала пасьцельнай бялізны. У зьняволеньні актывіст ня меў магчымасьці чытаць і галіцца. У адной камэры зь ім сядзелі былыя асуджаныя па крымінальных справах, чаго не дапускае закон.
Гладышаў прасіў раённага пракурора пакараць супрацоўнікаў ізалятара за парушэньні.
У адказе на скаргу пракурор Маскоўскага раёну Менску Панькоў напісаў, што падчас праверкі прэтэнзіі актывіста не пацьвердзіліся. Маўляў, арганізацыя адбыцьця пакараньня ажыцьцяўляецца згодна з заканадаўствам. Пракурор адзначае, што дзеля паляпшэньня ўмоваў утрыманьня грамадзян на Акрэсьціна там робіцца капітальны рамонт.
Мікалай Гладышаў такі адказ з райпракуратуры назваў адпіскай і зьбіраецца абскарджваць яго ў гарадзкой пракуратуры:
«У адказе хлусьня. Мне падаецца, што такія скаргі ніхто не чытае. Там ёсьць стандартны адказ, толькі прозьвішчы мяняюць. Вось яны напісалі, што пасьцельнай бялізны хапае ўсім. Але як так? Я ж на ўласныя вочы бачыў, што не хапае. У камэры шэсьць чалавек і толькі тры падушкі. Пісаў я дзьве скаргі. Адну зь іх, што сядзеў з былым крымінальнікам. Дык яны на дзьве адным адказам адпісаліся. Мне падаецца, што і менскі пракурор гэтак жа адкажа, але потым буду пісаць скаргі далей».
Мікалай Гладышаў адзначае, што рана ці позна ў Беларусі пачнуцца масавыя пратэсты і, магчыма, грамадзкія актывісты трапяць у турму на Акрэсьціна. Таму ён спадзяваўся, што пасьля скаргаў умовы там палепшацца.
Актывіст заплаціў 450 тысяч рублёў за арыштанцкае харчаваньне.
У турму на Акрэсьціна Мікалай Гладышаў трапіў 26 жніўня, пасьля таго як зладзіў адзіночны пікет супраць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай авіябазы. Акцыю пратэсту з плякатам «Не — замежным ваенных базам! Расейскія вайскоўцы прэч!» актывіст праводзіў насупраць расейскага пасольства ў Менску. Суд Цэнтральнага раёну сталіцы пакараў Гладышава адміністрацыйным арыштам на 10 сутак.
Пратэставаў супраць расейскіх авіябазаў Мікалай Гладышаў ня толькі ў Менску, але і ў Магілёве. 4 ліпеня ён зладзіў аднаасобны пікет насупраць Магілёўскага гарвыканкаму. Суд Ленінскага раёну Магілёва аштрафаваў яго на 1 мільён рублёў.