Салігорскі праваабаронца пра ІІІ Беларускі праваабарончы форум
Сваім меркаваннем пра хаду “ІІІ Беларускага праваабарончага форму” і яго вынікі для рэгіянальнага праваабарончага руху дзеліцца вядомы салігорскі праваабаронца Леанід Мархотка.
Асноўная праца Форума была разбітая на тры блокі з паралелнымі тэматычнымі секцыямі. У працы некалькіх з іх прыняў удзел і спадар Мархотка.
- Асаблівую ўвагу хацелася б звярнуць на такія тэматычныя секцыі, як “Прававая дапамога і праца ў рэгіёнах” ды “Узаемадзеянне структураў грамадзянскай супольнасці з органамі улады”. Мяркую, што для рэгіянальнага праваабарончага руху гэтыя пытанні - адныя з найгалоўных. Прыемна, што вядучымі экспэртамі ў гэтых секцыях былі такія вядомыя асобы як Леанід Судаленка з гомельскага Цэнтра стратэгічнай цяжбы, Павал Левінаў з віцебскай стурктуры БХК ды Андрэй Бастунец з Беларускай асацыяцыі журналістаў, - дзеліцца ўражаннямі праваабаронца.
На думку ўдзельнікаў секцыі па прававой дапамозе найбольш актуальнай праблемай у рэгіёнах застаецца пытанне камунікацыі з мэтавымі групамі насельніцтва. Часта складанасці ўзнікаюць выключна з-за тэхнічных магчымасцяў, кшталту адсутнасці легальных офісаў ды паўнавартасных грамадскіх прыёмных. Справа тут ня толькі ў паўсюдных перашкодах з боку мясцовых ўладаў, але і ў здольнасці рэгіянальных прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый ў тым ліку самастойна такія магчымасці знаходзіць.
Што да неабходнасці ўзаемадзеяння структураў грамадзянскай супольнасці з органамі улады, дык тут меркаванні ўдзельнікаў секцыі падзяліліся.
- Выказваліся меркаванні аб бессэнсоўнасці такога кшталту ўзаемадзення. Бо, насамрэч, улады вельмі неахвотна ідуць на кантакт з праваабаронцамі і прадстаўнікамі незалежных грамадскіх структураў наогул. У рэгіёнах гэта асабліва добра заўважна, - кажа Леанід Мархотка. - Але маё меркаванне такое, што спробы наладжвання такіх кантактаў рабіць неабходна. Па-першае, правы чалавека наўпрост звязаны з абавязкамі дзяржавы ў гэтай галіне і таму ігнраваць органы ўлады бессэнсоўна. Па-другое, праца праваабаронцаў па сваёй сутнасці скіравана на паляпшэнне любой ўлады, а ўзаемадзеянне толькі падвышае эфектыўнасць такога працэсу. Мы, безумоўна, ня можам прымусіць улады да супрацоўніцтва, але пры магчымасці наладжваць яго павінны.
Па вяртанні ў Салігорск Леанід Мархотка праінфармаваў рэгіянальных актывістаў Беларускага Хельсінскага Камітэту пра вынікі форума. Працоўныя матэрыялы тэматычных секцый ды выніковыя дакументы мерапрыемства было вырашана актыўна выкарыстоўваць у далейшай працы рэгіянальнай структуры БХК.