viasna on patreon

Друкарня «Карандаш»: Друкаваць ня будзем, бо Радыё Свабода — экстрэмісцкае

2013 2013-11-01T14:28:23+0300 2013-11-01T14:28:23+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/alena-rybak.jpg
Алена Рыбак, адміністратар павільёну нумар 2 друкарні "Карандаш"

Алена Рыбак, адміністратар павільёну нумар 2 друкарні "Карандаш"

Напярэдадні Дзядоў Радыё Свабода падрыхтавала мапу Усходніх могілак «Беларускі нэкропаль» з пазначэньнем магілаў 50 выбітных беларусаў, якія прысьвяцілі жыцьцё беларускай справе, культуры ці мове. Аднак менская друкарня палічыла яе антыдзяржаўнай агітацыяй і адмовілася браць замову.

Наклад мапы меў вырабіць друкавальны цэнтар «Карандаш», які знаходзіцца на плошчы Незалежнасьці ў Менску. На этапе падрыхтоўкі да друку пытаньняў не ўзьнікла: напярэдадні былі вырабленыя пробныя асобнікі і складзеная замова. Сёньня адміністратарка друкарні Алена Рыбак заявіла, што лічыць матэрыялы агітацыйнымі, а Радыё Свабода, сайт якога пазначаны на мапе, — антыдзяржаўным, а таму цэнтар адмаўляецца іх друкаваць.

Толькі што я наведала гэты сайт — сайт Радыё Свабода — і канкрэтна пабачыла, што яны там вельмі актыўна разьмяшчаюць розныя карыкатуры на нашых супрацоўнікаў КДБ.


Алена Рыбак спаслалася на ўнутраную інструкцыю цэнтру «Карандаш»:

— Мы не праводзім друк любых матэрыялаў парнаграфічнай, экстрэмісцкай, нацысцкай, антыдзяржаўнай скіраванасьці, а таксама агітацыйных матэрыялаў, якія ўтрымліваюць прыкметы перадвыбарчай агітацыі, агітацыі па пытаньнях рэфэрэндуму і тых, якія могуць быць ужытыя падчас правядзеньня грамадзка-палітычных акцыяў і кампаніяў.

Свабода пацікавіліся ў Алены Рыбак, пад які з названых пунктаў падпадае друк мапы Усходніх могілак:

— У гэтай мапе спасылаецеся на розныя крыніцы кшталту Радыё Свабода і гэтак далей. Толькі што я наведала гэты сайт — сайт Радыё Свабода — і канкрэтна пабачыла, што яны там вельмі актыўна разьмяшчаюць розныя карыкатуры на нашых супрацоўнікаў КДБ. Мякка кажучы, іх гонар і годнасьць, відавочна, зьневажаюцца, — падкрэсьлілаАлена Рыбак.

На пытаньне, ці зьяўляецца сайт Свабоды забароненым, экстрэмісцкімці антыдзяржаўным, адміністратарка друкарні адказала:

— Асабіста я думаю, што так. Можа, ён і не забаронены, але я там знайшла фатаграфію, якая зьневажае супрацоўнікаў КДБ.

Мяне непакоіць, што ў вас тут паўсюль стаіць спасылка на Радыё Свабода са сваімі заклікамі, якое высьмейвае на сваім сайце нашых апэратыўных упаўнаважаных асобаў, выстаўляе іх у дурным сьвятле.


— Ці вы надрукуце мапу, калі там ня будзе спасылкі на сайт Радыё Свабода?

— У мяне ёсьць сумневы, хоць і не было магчымасьці пачытаць файл, але не магу стоадсоткава гарантаваць, што вы там ні да чога экстрэмісцкага не заклікаеце.

— То бок, вы лічыце, што мапа Усходніх могілак можа быць экстрэмісцкім матэрыялам?

— Я расцэньваю, што гэты матэрыял можа выкарыстоўвацца не ў нейкіх рэклямных, а ў мэтах закліку да нейкіх дзеяньняў. Сама мапа — не, але мяне непакоіць, што ў вас тут паўсюль стаіць спасылка на Радыё Свабода са сваімі заклікамі, якое высьмейвае на сваім сайце нашых апэратыўных упаўнаважаных асобаў, выстаўляе іх у дурным сьвятле.

— Дык у Беларусі забаронена рэклямаваць Радыё Свабода?

— Запраста. Але ня ў тым выпадку, калі яно зьневажае нашых людзей. Гэта сайт, які сябе пазыцыянуе як скрайне...як гэта сказаць... зьневажае людзей. І я ня ведаю, якія мэты вы перасьледуеце, — заявіла Алена Рыбак, адміністратарка цэнтру «Карандаш».

* * *

«Беларускі нацыянальны нэкропаль» — так называецца праект Радыё Свабода, мае на мэце пашырыць веды пра памерлых беларускіх культурных і грамадзкіх дзеячоў і ўшанаваць іх памяць. У яго межах плянуецца выдаць мапы-схемы менскіх могілак з пазначэньнем месцаў пахаваньняў. Усе мапы будуць даступныя ў інтэрнэце.

Першая онлайн-экскурсія па Ўсходніх могілках, а таксама электронная мапа з пазначэньнем магілаў выбітных беларусаў — неўзабаве зьявіцца на нашым сайце.

Вось як выглядае мапа, якую «Карандаш» адмовіўся друкаваць:

 



Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства