viasna on patreon

Павел Сапелка: У зняволеных забіраюць апошнія драбкі

2013 2013-11-05T10:52:43+0300 2013-11-05T10:53:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sapelka-1.jpg
Павел Сапелка

Павел Сапелка

Пасля збірання 90% заробку ў асуджаных не застанецца грошай нават на базавыя патрэбы.

Такое меркаванне выказаў былы адвакат, праваабаронца Павел Сапелка, каментуючы сайту charter97.org пастанову Мінюста аб спагнанні 90% заробку ў зняволеных.

«Той факт, што ў асуджаных будуць забіраць 90%, закране балюча далёка не ўсіх асуджаных, таму што ў асноўным яны і так атрымліваюць драбкі ад налічанага ім псеўдазаробку за вылікам утрымання ў калоніі. Гэта моцна закране тых, хто атрымлівае на зоне дастаткова сур'ёзны заробак, але агульны сэнс у тым, што ў зняволеных забіраюць апошнія драбкі. Мне вельмі цікава, чым думалі ў Міністэрстве юстыцыі, калі ўстанаўлівалі такую норму», - адзначыў юрыст.

Праваабаронца падкрэсліў, што цяпер усіх цікавіць пункт 134 Інструкцыі па выканаўчай вытворчасці аб памерах гэтых вылічэнняў.

«Але ёсць яшчэ пункт 135 аб тым, што спагнанне сум з заробку асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых установах, ажыццяўляецца з усяго заробку без уліку адлічэнняў на пакрыццё расходаў па іх утрыманню ў названых арганізацыях. Гэта значыць, калі я правільна зразумеў, то перш чым адняць у асуджанага з заробку кошт яго ўтрымання ў калоніі або турме, адтуль спачатку аднімуць шкоду, якую ён павінен плаціць па прысудзе суда. Адпаведна, у асуджанага застаецца ў некаторых выпадках 10%. Што далей: з гэтых 10 будуць вылічаць кошт утрымання ці ўсё ж такі іх у любым выпадку пакінуць вязню? Я лічу, што вязню трэба даць магчымасць зарабіць на аплату свайго ўтрымання, на пакрыццё шкоды, і каб яму яшчэ засталася дастатковая сума для падтрымання сваіх надзённых патрэб. Яшчэ не трэба забываць, што ў многіх асуджаных на волі засталася сям'я, якой па-добраму ён павінен быў бы дапамагаць са свайго заробку», - лічыць Павел Сапелка.

Нагадаем, Міністэрства юстыцыі пастанавіла спаганяць 90 адсоткаў заробку ў зняволеных, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі або пажыццёвага зняволення, пры кампенсацыі імі нанесенай шкоды.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства