Гародня: судовая “сцяна” пакуль непрабівальная
У Гарадзенскім абласным судзе прайшоў разгляд касацыйнай скаргі грамадскіх праваабаронцаў Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча і Рамана Юргеля на рашэнне суда Ленінскага раёну Гародні па адмове гарвыканкамам правесці пікет у падтрымку Алеся Бяляцкага 4 жніўня. 23 верасня бягучага году суддзя Ленінскага раённага суда Жана Краўчанка, нягледзячы на відавочныя парушэнні з боку чыноўнікаў, вызначыла, што гарвыканкам зрабіў усё законна. Грамадскія праваабаронцы катэгарычна нязгодныя з такой пастановай суду першай інстанцыі, таму імкнуцца дамагчыся законнасці.
Калегія абласнога суда доўга разглядала розныя касацыйныя скаргі па іншых грамадзянскіх справах, пакінуўшы скаргу праваабаронцаў на заканчэнне, калі ў судовай залі не засталося выпадковых людзей. У выніку калегія на чале з суддзёй Людмілай Малючок і ў прысутнасці пракурора пакінула рашэнне раённага суда нязменным.
Сітуацыю каментуе Уладзімір Хільмановіч: “Цяперашнія суддзі – гэта дастаткова юрыдычна разумныя, адукаваныя людзі. Яны цудоўна ўсведамляюць, што законнасць на нашым баку, што склалася абсурдная сітуацыя, калі грамадзяне не могуць рэалізаваць свае канстытуцыйныя правы, што чыноўнікі выканкаму здзяйсняюць парушэнні дзейснага заканадаўства і дыскрымінуюць нас у правах. Аднак, з-за “вышэйшых” палітычных рашэнняў уладных структураў судовая “сцяна” застаецца непрабівальнай”.