Пінск: прафсаюзы выступілі супраць зніжэння ўзроўню сацыяльнай абароны працоўных
Прафсаюзны камітэт Пінскага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі прыняў заяву аб недапушчальнасці неабгрунтаванага зніжэння дапамог па часовай непрацаздольнасці, а таксама па цяжарнасці і родах.
Катэгарычную нязгоду выклікала пастанова беларускага урада №569, дзе гаворка ідзе пра новыя правілы выдачы і аплаты лістоў непрацаздольнасці. Згодна з дакументам, павялічваецца колькасць дзён, якія аплочваюцца ў памеры 80% сярэднядзённага заробку, а разліковы перыяд будзе складаць ужо шэсць месяцаў (замест ранейшых двух). На думку пінскіх прафсаюзных актывістаў, змены парадку разлікаў дапамог па цяжарнасці і родах значна зніжаюць сацыяльную абароненасць працоўных і вядуць да памяншэння існуючых гарантый. У заяве, падтрыманай прафсаюзным камітэтам Пінскага ЖКГ, гаворыцца пра неабходнасць ініцыяваць ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у пастанову ўрада №569 з захаваннем працэдуры прыняцця нарматыўна-прававых актаў, якія закранаюць сацыяльна-працоўныя і эканамічныя інтарэсы работнікаў. У іншым выпадку такі дакумент мусіць быць адменены.