У міліцыю выклікаюць гомельскіх апазіцыянераў за мясцовыя «Дзяды»
Намеснік старшыні АГП Васіль Палякоў атрымаў позву ў Навабеліцкі РАУС. 10 лістапада ён павінен з'явіцца да начальніка аддзелу грамадскага парадку Хількевіча. Вядома, што шукалі для ўручэння позвы і іншых гомельскіх апазіцыянераў.
Васіль Палякоў звязвае выклік у міліцыю з удзелам у акцыі памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, якая прайшла ў Гомелі 3 лістапада. Актывісты апазіцыйных партый усклалі кветкі і вянкі, запалілі знічы каля пакутных крыжоў, якія ўсталяваны на месцах масавых забойстваў людзей у гады сталінскіх рэпрэсій. Таксама ўдзельнікі акцыі правялі добраўпарадкаванне тэрыторыі, пафарбавалі крыжы. Акцыя прайшла пад бел-чырвона-белым сцягам.
Варта заўважыць, што мясцовыя дэмакраты ладзяць акцыі памяці на гэтых месцах штогод, але да гэтага часу іх у міліцыю не выклікалі.