Бялыніцкая раёнка спадзяецца, што яе наклад вырасце дзякуючы новаму старшыні райвыканкама
Выконваючы абавязкі рэдактара бялыніцкай раённай газеты “Зара над Друцццю” Васіль Дзеравяшка выказаў спадзяванне, што наклад газеты значна вырасце дзякуючы “патэнцыялу асобы кіраўніка” Бялыніцкага раёна. Сваё меркаванне журналіст выказаў у артыкуле “На парадку дня – парадак элементарны, але ўзорны…” (“Зара над Друццю” №84 ад 6 лістапада 2013 г.).
У прыватнасці, Васіль Дзервяшка піша:
“Мяркую, што патэнцыялу асобы кіраўніка хопіць для таго, каб раёнка выйшла, нарэшце, на свой аптымальны тыраж – 5000 асобнікаў. Тады “Зару над Друццю” атрымае кожная сярэднестатычная сям’я ў нашым раёне, і газета будзе максімальна адпавядаць статусу асноўнай духоўнай камунікацыі. А гэта і ёсць прэстыж Бялыніччыны – твару Магілёўшчыны”.
Сумнеўна, каб паважаны журналіст, які ўжо дасягнуў пенсійнага ўзросту, не ведаў пра тое, што згодна артыкулу 23 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь “Ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону”.
Зараз наклад “Зары над Друццю” складае 3902 экзэмпляраў. Акрамя раённай газеты “Зара над Друццю”, у Бялыніцкім раёне таксама выходзяць незалежныя маланакладныя газеты “Рэгіён” і “Паходня”.
Новы старшыня Бялыніцкага райвыканкама Мікалай Кадаценка быў зацверджаны на сваёй пасадзе 25 кастрычніка. Да свайго прызначэння ў Бялынічы Кадаценка працаваў старшынёй Чэрыкаўскага райвыканкама. Падчас працы ў Чэрыкаўскім раёне Мікалай Міхайлавіч вызначаўся вельмі своеасаблівым стаўленнем да правоў падначаленых яму асобаў. Таксама журналісты крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” лічаць, што, менавіта Мікалай Кадаценка быў негалосным ініцыятарам шмаілікіх пазоваў з боку КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” да іх выдання.