Жодзіна: кожнае судовае паседжаньне - акцыя салідарнасьці з Алесем Бяляцкім і палітвязьнямі
12 лістапада ў судзе горада Жодзіна пад старшынствам судзьдзі Івана Грынкевіча праходзіла чарговае паседжаньне па справе праваабаронцаў ПЦ "Вясна" Аляксея Лапіцкага і Сьвятланы Лапіцкай супраць Жодзінскага выканкаму, які адмовіўся разглядаць заяўку і сарваў пікетаваньне, заплянаванае на 4 жніўня ля ўваходу ў Гарадзкі парк культуры і адпачынку ў падтрымку Алеся Бяляцкага ды іншых палітвязьняў.
Кожнае новае судовае паседжаньне ў судзе горада Жодзіна ёсьць новай акцыяй салідарнасьці з Алесем Бяляцкім ды іншымі палітвязьнямі Беларусі. Праваабаронцы ў цішотках з заклікам "Свабоду Алесю Бяляцкаму!" удзельнічаюць у працэсе, куды ў якасьці сьведкаў для дачы паказаньняў выклікаліся супрацоўнікі міліцыі ды іншых гарадзкіх сулужбаў.
На гэты раз у судовым працэсе праваабаронцам прыйшлося абвяргаць недарэчныя ды ілжывыя паказаньні шэрагу сьведкаў-службоўцаў, у прыватнасьці з Жодзінскага ЖКГ, якія падтрымалі вэрсыю выканкаму і відавочна маніпулявалі дакумэнтацыяй, каб дапамагчы прадстаўніку зацікаўленага боку. Заяўнікі па справе таксама ўнесьлі дадатковыя дакумэнтальныя пацьверджаньні сваёй пазыцыі і некаторымі фактамі абверглі ілжывыя паказаньні службоўцаў. Яны таксама заявілі шэраг хадайніцтваў аб запытах ва ўстановы і аб далучэньні асобных рашэньняў КПЧ ААН па Беларусі адносна мірных сходаў, а таксама заключэньня Венецыянскай Камісіі адносна дзеючагаа ў Беларусі Закона "Аб масавых мерапрыемствах" .
На гэты раз практычна ўсе хадайніцтвы ў тым ліку і аб далучэньні дакумэнтаў, важных для разуменьня судом і выканаўчай уладаю крытэраў ацэнкі й трактовак КПЧ ААН адносна свабоды мірных сходаў і выказваньня меркаваньняў, а таксама для разуменьня дадзеных міжнародных стандартаў права ў галіне правоў чалавека, былі не задаволеныя судом па розных прычынах: недатычнасьць да непасрэднага прадмету даказваньня, наяўнаць неафіцыйнага перакладу й г.д.
Суд задаволіў адно з хадайніцтваў заяўнікоў і з-за недахопу часу дазволіў ім больш дэталёва азнаёміцца з пратаколам справы ад 2011г. да наступнага паседжаньня, якое прызначна на 11-00 21 лістапада 2013 года.
Паводле Беларускага Праўнага Парталу
Фота Алеся Лапіцкага