Віцебскі абласны суд задаволіў скаргу актывістаў. Але – толькі часткова
Хрыстафор Жаляпаў і Аляксей Гаўруцікаў абскарджвалі пастанову Першамайскага райсуду, куды звярнуліся пасля атрымання чарговай забароны на правядзенне пікета. Як і раённы суд, калегія Віцебскага абласнога суду прызнала забарону законнай, але накіравала на перагляд справу ў той частцы, якая тычылася адмоваў ад супрацоўніцтва з актывістамі з боку міліцыі і цэнтральнай гарадской паліклінікі.
Скаргу на рашэнне суддзі Першамайскага райсуду Вольга Івановай калегія абласнога суду разгледзела 14 лістапада. Было прызнана, што Першамайская раённая адміністрацыя адмовіла ў правядзенні масавай акцыі 8 верасня гэтага году цалкам законна.
У якасці прычыны адмовы была ўказана адсутнасць дамоваў на абслугоўванне пікету супрацоўнікамі МУС і хуткай дапамогай. Гэткія дамовы, паводле рашэння Віцебскага гарвыканкаму №881, трэба далучаць адразу да заяўкі на акцыі. Аднак абласная ўправа МУС і цэнтральная гарадская паліклініка – менавіта гэтыя структуры пералічаны ў рашэнні гарвыканкаму "Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску – адмовіліся заключаць дамовы з актывістамі.
Каардынатар Руху "За свабоду" па Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада", Аляксей Гаўруцікаў неаднаразова спрабавалі змусіць медыкаў і міліцыянтаў да супрацоўніцтва праз суд. Але да гэтага часу нічога не атрымлівалася, гаворыць юрыст А. Гаўруцікаў:
"Рашэнне гарвыканкаму супярэчыць закону аб масавых акцыях. У такім выпадку звычайна прызнаецца вяршэнства закону, а не рашэння мясцовых уладаў. Але суды ўпарта гэтага не заўважаюць: мы неаднаразова абскарджвалі адмовы на правядзенне акцый, і суды заўжды падтрымлівалі аргументацыю раённых адміністрацый: маўляў, мы не прадставілі дамовы на абслугоўванне. Тады мы паспрабавалі змушаць міліцыянтаў і медыкаў да супрацоўніцтва праз суд. Але і тут нам адмаўлялі, спасылаючыся не тое, што структуры МУС і гарадская паліклініка – не камерцыйныя арганізацыі, якія спецыялізуюцца на платных паслугах насельніцтву.
Тады мы вырашылі падаваць скаргі на кіраўніцтва дзяржаўных ўстановаў, якое ігнаруе патрабаванні рашэння гарвыканкаму. Пасля разбору скаргі ў Першамайскім райсудзе мы атрымалі пастанову спадарыні Івановай, дзе яна адмаўляецца абавязаць раённую адміністрацыю выконваць патрабаванні гарадскіх уладаў. Але ў судовай пастанове нічога не было сказана па двух астатніх пунктах скаргі – пра ігнараванне рашэння гарвыканкаму міліцыяй і медыкамі. Гэта заўважыла калегія абласнога суду, і накіравала нашу скаргу зноў у суд першай інстанцыі".
Такімі складанымі шляхамі даводзіцца ісці, бо ў юрыдычнай літаратуры няма нават прыкладаў падобных выпадкаў, кажа Аляксей Гаўруцікаў. І гэта не выпадкова, бо рашэнне Віцебскага гарвыканкаму відавочна супярэчыць заканадаўству. Але гарадскія ўлады цвердзяць, што яно прайшло юрыдычную экспертызу, што яно бездакорнае. І ўлады нічога не робяць, каб прывесці сваё рашэнне ў адпаведнасць закону.
"8 верасня мы збіраліся правесці акцыю пратэсту супраць размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскіх вайсковых баз. Медыкі адмовіліся ад заключэння дамовы, спаслаўшыся на загружанасць хуткай дапамогі ў выходны дзень, гэта ўжо звыклая адгаворка кіраўніцтва. А з міліцыі прыйшоў ліст са спасылкай на тое, што нам ужо адмовілі раённыя ўлады. Іншымі словамі, управа МУС ведае закон, і гатовая заключаць дамову, калі мы атрымаем дазвол. А раённая адміністрацыя не дае дазволу, пакуль мы не прадставім дамовы. І мы спрабуем знайсці нейкае выйсце з гэтай сітуацыі ," – тлумачыць А.Гаўруцікаў.
За час дзеяння рашэння №881 – а гэта ўжо больш як 3 з паловай гады – віцебскім актывістам ніводнага разу не дазволілі рэалізаваць сваё права на публічнае выказванне меркаванняў і на арганізацыю масавых акцый. Такім чынам, у дачыненні да жыхароў Віцебску парушаюцца артыкулы 35 і 137 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулы 2, 19, 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.