Яшчэ адзін пакараны арыштам за пікет памяці Пцічкіна
Па справе аб пікеце ў памяць Ігара Пцічкіна арыштаваны яшчэ адзін чалавек.Аляксандар Данілаў пакараны 5 суткамі арышту за разагнаны міліцыяй 14 верасьня пікет у памяцьІгара Пцічкіна, які загінуў у СІЗА.
Пра вынесены Данілаву вырак паведаміла Ірына Пцічкіна:
«Ён таксама атрымаў учора ў Маскоўскім судзе 5 сутак арышту. Як і Андрэй Бандарэнка. Саша мой сябар, мы перапісваемся праз інтэрнэт.
14 верасьня ён ішоў з намі па Нямізе з кветкамі, але тады яго не схапілі разам зь іншымі. Ён пайшоў далей да „Валадаркі“, яго потым на прыпынку забралі. Ён апынуўся ў другой групе затрыманых, разам з маці, якую завезьлі ў Маскоўскі РАУС. На яго склалі пратакол, але да ўчорашняга дня не чапалі. І ўчора, аказваецца, затрымалі ды ў кайданках прывезьлі ў суд і судзілі недзе там, калі ішлі працэсы над Бандарэнкам і маёй маці. А мы пра гэта нават ня ведалі. У 19.00 ён пасьпеў перадаць знаёмым, што яго судзяць. А ноччу стала вядома, што і яму далі 5 сутак. А ён жа сірата, хто яму дапаможа?»
Учора суд Маскоўскага раёну Менску вынес маці загінулага ў СІЗА Ігара Пцічкіна Жаньне Пцічкінай папярэджаньне, а праваабаронцу Андрэю Бандарэнку прысудзіў 5 сутак арышту за ўдзел у акцыі памяці сына — Ігара Пцічкіна, які пры нявысьветленых абставінах загінуў на Валадарцы.
Пікет, у якім бралі ўдзел Жанна Пцічкіна і праваабаронца Андрэй Бандарэнка, адбываўся каля СІЗА на вуліцы Валадарскага 14 верасьня. Міліцыя не дазволіла людзям ускласьці кветкі да муроў ізалятара ў памяць пра Ігара Пцічкіна. Больш за 10 чалавек затрымалі, шасьцёра зь іх адбылі дзень у ізалятары і потым ім прысудзілі штрафы. Справы некаторых іншых затрыманых адклалі.
Мянчук Ігар Пцічкін памёр у ізалятары на Валадарскага 4 жніўня. Сваякі лічаць, што маладога чалавека забілі ахоўнікі. У кастрычніку стала вядома, што Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу аб гэтым здарэньні.