Баранавічы: пададзена заява да 65-х угодкаў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека
Грамадскі актывіст Вячаслаў Болбат 20 лістапада падаў заяву на імя старшыні Баранавіцкага гарвыканкама аб правядзенні пікета, прысвечанага 65-м угодкам прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Правядзенне пікету запланавана 10 снежня ў старым парку горада, які рашэннем Баранавіцкага гарвыканкама ад 05.10.2009г. вызначаны месцам масавых мерапрыемстваў.
Мэта пікету – прапаганда каштоўнасцяў, закладзеных ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, а таксама прынятым ў адпаведнасці з ёй Міжнародным пактце аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Запланавана, што пікет пройдзе пад лозунгамі: “Свабода палітычным вязням”, “Кантрактная сістэма – інструмент пакарання”, “65 гадоў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека”.
– Мы будзем гаварыць з людзьмі не толькі пра тое, што Беларусь з’яўляецца адной з краін-распрацоўшчыкаў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, а гэта значыць -- узяла на сябе абавязак строга выконваць міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека. Удзельнікі пікету хочуць нагадаць нашым грамадзянам, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца з каждым годам, – адзначыў Вячаслаў Болбат.