У камеры Міколы Статкевіча правялі начны вобшук
Пасля працяглага перапынку Марына Адамовіч атрымала адразу два лісты ад свайго мужа. З гэтых лістоў жонка Мікалая Статкевіча даведалася пра новыя спробы ціску на палітвязня.
Марына Адамовіч:
- У яго быў праведзены вельмі доўгі - больш за паўтары гадзіны - начны вобшук. На колькі мне вядома, у ім прымалі ўдзел вышэйшыя афіцэры. Я гэта інакш як спробу ціску не ўспрымаю, тым больш да гэтага ён патрабаваў вырашыць праблему харчавання, якое вельмі істотна пагоршылася, месяцы два таму.
Як распавяла Марына Адамовіч, у другім лісце Мікалай Статкевіч пракаментаваў выказванні міністра замежных спраў Уладзіміра Макея для адной з польскіх газетаў адносна арыштаваных за Плошчу-2010. Мікалай Стакевіч з’яўляецца адным са звыш дзесяці палітычных вязняў у Беларусі, наяўнасць якіх аспрэчвае афіцыйны Менск. Быў кандыдатам у прэзідэнты ў 2010 годзе. За ўдзел у Плошчы-2010 года асуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму за нібыта арганізацыю “масавых беспарадкаў”. У мінулым годзе ўмовы адбыцця пакарання Мікалаю Статкевічу былі змененыя на больш жорсткія - яго перавялі са шклоўскай калоніі ў магілёўскую турму. Мікалай Статкевіч адмаўляецца пісаць на імя Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні.