Бабруйския сябры АГП падалі заяўку на пікет салідарнасці з украінцамі
Віктар Бузінаеў, старшыня бабруйскай суполкі АГП, расказаў, што падаў у гарвыканкам заяўку на правядзенне пікета салідарнасці з украінскім народам.
У заяве Бузінаеў просіць дазволіць правядзенне пікета і шэсця на 21 снежня згодна з Канстытуцыяй і Законам аб масавых мерапрыемствах.
“Не веру, што Украіна грымнецца вобземлю, толькі пачаўшы ўзлятаць з "саўка" і абломкаў рускай імперыі”, - адзначыў актывіст у заяве, адрасаванай старшыні гарвыканкама Дзмітрыю Бонахаву.
Віктар Бузінаеў кажа, што сябры партыі гатовыя самі забяспечыць ахову парадка і бяспекі, адказныя будуць мець нарукаўныя павязкі.
-Я адзначыў таксама ў заяве, што побач з месцам правядзення пікета будуць знаходзіцца аўтамабілі ўдзельнікаў, абсталяваныя медыцынскімі аптэчкамі. Сярод удзельнікаў будуць прысутнічаць людзі з медыцынскай адукацыяй, то бок, змогуць аказаць дапамогу тым, каму спатрэбіцца. Акрамя гэтага мы бярэм на сябе прыборку тэрыторыі пасля пікета, - расказаў бабруйскі актывіст.
Віктар Бузінаеў кажа, што ўкраінцам зараз вельмі неабходная падтрымка.
-Украінцы павінны ведаць, што мы, беларусы, іх падтрымліваем. Яны мусяць змагацца да канца, каб не апынуцца ў такім становішчы, у якім зараз знаходзімся мы, - патлумачыў Бузінаеў.