Магілёўскі абласны суд пакінуў у сіле штраф за улёткі
Сёння, 5 снежня, Магілёўскі абласны суд пад старшынствам суддзі Мікалая Гладкага разгледзеў скаргу старшыні Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл Юрыя Новікава на рашэнне суда Ленінскага раёна Магілёва ад 29 кастрыніка.
Нагадаем, што ў той дзень раённы суд аштрафаваў дэмакратычнага актывіста на 5 850 000 рублёў за распаўсюд улётак і збор подпісаў супраць расейскай авіабазы. Доказамі паслужылі сем улётак і падпісныя лісты, канфіскаваныя ў Юрыя Новікава пры затрыманні, якое адбылося вечарам 8 верасня каля дома №29 на вуліцы Ленінскай у Магілёве.
Суддзя Магілёўскага абласнога суда Мікалай Гладкі палічыў, што рашэнне суда Ленінскага раёна Магілёва правамернае і пакінуў яго ў сіле. Каментаваць сваё рашэнне ён адмовіўся.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што рашэнне суда палітычна матываванае.
“Была падрыхтавана скарга на рашэнне раённага суда. У скарзе падрабязна распісвалася, чаму ўлёткі і падпісныя лісты не з’яўляюцца сродкамі масавай інфармацыі, аднак суддзя застаўся абыякавым да закона і прыняў такое рашэнне, якое яму спусцілі зверху” , - гаворыць Барыс Бухель.
Барыс Бухель адзначае, што рашэнне Магілёўскага абласнога суда будзе абскарджана ў вышэйстаячай інстанцыі.