Заява Праваабарончага цэнтру “Вясна” і РГА БХК з нагоды крымінальнага прысуду Васілю Парфянкову
Праваабарончы цэнтр “Вясна”і РГА БХК расцэньваюць асуджэнне грамадскага актывіста Васіля Парфянкова да пазбаўлення волі за парушэнне прывентыўнага нагляду як палітычна матываны пераслед.
Васіль Парфянкоў у лютым 2011 году быў асуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі па ч. 2 арт. 293 КК РБ (“удзел у масавых беспарадках”) за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый падчас прэзідэнцкіх выбараў, у жніўні таго ж году – памілаваны згодна з указам прэзідэнта.
Пасля свайго вызвалення Васіль Парфянкоў працягваў грамадскую дзейнасць і неаданаразова затрымліваўся за ўдзел у акцыях ў падтрымку беларускіх палітвязняў, якія заставаліся і застаюцца за кратамі.
Пасля ўдзелу ў мірным сходе, прысвечаным салідарнасці з палітвязнямі 19 снежня 2011 году, ён быў арыштаваны на 12 сутак, пасля чаго 5 студзеня 2012 г. судом Першамайскага р-на г. Мінска за ім быў устаноўлены прэвентыўны нагляд тэрмінам на адзін год. Такім чынам прывентыўны нагляд у дачыненні да актывіста быў усталяваны з мэтай прадухілення ягонай далейшай грамадскай дзейнасці, у тым ліку далейшага ўдзелу ў мірных сходах па пытаннях грамадска-палітычнага жыцця ў краіне.
29 мая 2012 г. судом Першамайскага раёна г. Мінска Васіль Парфянкоў быў асуджаны на 6 месяцаў арышту па арт. 421 КК Рэспублікі Беларусь (за парушэнні ўмоваў прафілактычнага нагляду, устаноўленага судом). Дадзены прысуд быў вызначаны Праваабарончым цэнтрам “Вясна” і РГА БХКяк палітычна матываны пераслед, а падвергнуты арышту Васіль Парфянкоў як палітычны вязень.
5 снежня 2013 г. суд Першамайскага р-на г. Мінска паўторна асудзіў Васіля Парфянкова па арт. 421 КК Рэспублікі Беларусь на адзін год пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ва ўмовах калоніі строгага рэжыму.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” і РГА БХК асуджае палітычна матываны пераслед, скіраваны на спыненне ці перашкоды ў грамадска-палітычнай актыўнасці Васіля Парфянкова і адзначае, што разбіральніцтва па дадзенай справе не адпавядала стандартам справядлівага судовага разбіральніцтва, а вынесенае пакаранне з’яўляецца відавочна не суразмерным і не прапарцыйным тым парушэнням, у якіх абвінавачвалі Васіля Парфянкова.
Варта адзначыць, што паводле ацэнак FIDH і Праваабарончага цэнтру “Вясна”, рознага кшталту абмежаванні - ад прафілактычнага ўліку да прывентыўнага нагляду - устаноўленыя ў дачыненні да 32 чалавек, якія былі раней асуджаныя за падзеі 19 снежня 2010 г. і вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі без пагашэння судзімасцяў. Прывентыўны нагляд устаноўлены, у тым ліку і ў дачыненні да нядаўна вызваленых палітвязняў З.Дашкевіча і А.Францкевіча.
Дадзеныя абставіны сведчаць пра тое, што гэтыя абмежаванні з’яўляюцца элементам кантролю уладаў над грамадскімі і палітычнымі актывістамі. Крымінальны пераслед за парушэнні раней устаноўленага прывентыўнага нагляду ў дачыненні В. Парфянкова, У. Яроменка, устаноўлены прывентыўны нагляд у дачыненні да П. Вінаградава з’яўляюцца яскравым прыкладам такога кантролю.
У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” РГА БХК патрабуюць:
1. спыніць практыку крымінальнага пераследу палітычных і грамадскіх актывістаў, у тым ліку спыніць крымінальны пераслед Васіля Парфянкова і прыняць меры па ягоным вызваленні;
2. зняць (пагасіць) судзімасці з раней вызваленых па працэдуры памілавання ці заканчэнні тэрмінаў палітычных зняволеных, забяспечыўшы такім чынам іх магчымасць паўнавартаснага ўдзелу у палітычным жыцці краіны, у тым ліку ў магчымасці ўдзелу ў будучых выбарчых кампаніях.
Мінск, 6 снежня 2013 г.