viasna on patreon

У Віцебску забараніілі 2 пікеты, замоўленыя да Дня правоў чалавека

2013 2013-12-08T18:40:59+0300 2013-12-08T18:40:59+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pravy-czalaveka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прычына ўжо звыклая: адсутнасць дамоваў на абслугоўванне акцый. Хоць актывісты і спрабавалі заключыць дамовы, звярнуўшыся ў належныя службы за два месяцы да запланаванай акцыі, ім адмовілі ў абласной управе МУС і цэнтральнай гарадской паліклініцы.

Ліст з пісьмовай забаронай акцыі атрымаў з адміністрацыі Кастрычніцкага раёну старшыня гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Аляксандр Кузняцоў. Тэма пікета , які ён хацеў правесці -- гэта "пратэст супраць палітычных рэпрэсій у краіне, акцыя салідарнасці з палітвязнямі і патрабаванне іх неадкладнага вызвалення і поўнай рэабілітацыі".
Каардынатар Руху "За свабоду" па Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Аляксей Гаўруцікаў падавалі заяўку на акцыю да ўгодкаў прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ў Першамайскую раённую адміністрацыю. Юрыст Аляксей Гаўруцікаў распавёў, што да ўладаў звярнуліся яшчэ да 2 месяцы да запланаванай акцыі:

"Мы падавалі разам і заяўку, і лісты з прапановай заключыць дамовы, адрасаваныя ў міліцыю, гарадскую паліклініку і службу ЖКГ. З апошняй структурай ніколі няма праблем – яны пагаджаюцца на дамовы. А з іншымі двума – ёсць, таму мы падалі заяўку загадзя, каб паспець прыцягнуць да суду адказных асобаў, калі нам адмовяць у абслугоўванні пікета. Адказу з Першамайскай адміністрацыі давялося чакаць замест 15 дзён цэлы месяц. Прычына адмовы чаканая: адсутнасць дамоваў на абслугоўванне. Потым даслалі ліст з міліцыі – што лічаць немэтазгоднай дамову, бо акцыя ўжо забароненая. Хаця ў рашэнні гарвыканкаму №881, на які ўлады спасылаюцца, ясна сказана: абслугоўваць акцыі мусяць і медыкі, і міліцыя, і дамоўленасці з імі – папярэднія. Абласная ўправа МУС, як заўжды, ігнаруе гэты дакумент. І, дарэчы, міліцыянтаў няма чым папракнуць: яны падпарадкоўваюцца закону аб масавых мерапрыемствах, а не вынаходніцтву мясцовых чыноўнікаў".

З цэнтральнай гарадской паліклінікі таксама прыйшла адмова. Маўляў, дамову на абслугоўванне заключыць немагчыма, бо ўзімку ўсе медычныя службы працуюць у складаным рэжыме, абумоўленым масавымі захворваннямі.

Актывісты вырашылі скарыстацца сваім законным правам на абскарджанне гэтага рашэння: напісалі скаргі ў Міністэрства ўнутраных справаў і абласную ўправу аховы здароўя. З міністэрства МУС адказу няма дагэтуль. А з медычнай управы адказалі, што кіраўніцтва паліклінікі мае рацыю, бо там могуць як заключаць дамовы, так і адмаўляць без тлумачэння прычын, распавядае Хрыстафор Жаляпаў:

"Атрымліваецца, што выканання рашэння гарвыканкаму аб арганізацыі масавых акцый можна патрабаваць толькі ад грамадзянаў. А дзяржаўныя ўстановы могуць яго ігнараваць? Нават тыя, якія канкрэтна названыя ў гэтым дакуменце? Такім чынам, нашы правы на правядзенне масавых мерапрыемстваў проста немагчыма рэалізаваць, бо перашкоды для гэтага стварылі гарадскія ўлады, прыняўшы невыканальнае рашэнне. І асобныя дзяржаўныя структуры таксама спрыяюць таму, каб пікетаў у Віцебску не было ніколі ў прынцыпе".

За час дзеяння рашэння Віцебскага гарвыканкаму №881 – а гэта амаль чатыры гады – у абласным цэнтры не было дазволены ніводнай акцыі па ініцыятыве жыхароў гораду. Хоць заявак было пададзена каля сотні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства