На правы чалавека ў Віцебску не даюць ніводнай хвіліны
Праваабаронца Павел Левінаў атрымаў забароны на правядзенне пікетаў у Дзень правоў чалавека. Ён падаваў заяўкі на акцыі працягласцю ў адну хвіліну, але і гэтага раённыя ўлады не дазволілі.
Паводле Паўла Левінава, заяўкі падаваліся ў адміністрацыі Кастрычніцкага, Першамайскага і Чыгуначнага раёнаў:
"З усіх адміністрацый даслалі лісты пра забарону. Прычына адна і тая ж – адсутнасць дамоваў на абслугоўванне акцый службамі ЖКГ, медыкамі і міліцыяй. Гэтых дамоў чыноўнікі патрабуюць на падставе рашэння гарвыканкаму №881 "Аб арганізацыі масавых акцый у г.Віцебску" Але ў дадзеным выпадку патрабаванне выглядае абсурдным: за адну хвіліну мне, адзінаму ўдзельніку пікета, не стане кепска са здароўем, я не здолею насмеціць столькі, каб спатрэбіліся грунтоўная прыборка сіламі дворнікаў, і на працягу такога кароткага часу мяне не трэба ахоўваць сіламі міліцыі – нават сур'ёзнай сваркі з мінакамі за адну хвіліну не атрымаецца".
Забарона на чыста сімвалічныя аднахвілінныя пікеты – гэта яшчэ адно пацверджанне таго, што мясцовыя ўлады вырашылі не дапускаць у горадзе падобных акцый любым коштам. Праз невыканальнае рашэнне гарвыканкаму №881 забаронены і яшчэ некалькі пікетаў 10 снежня. Ліст з пісьмовай забаронай акцыі атрымаў з адміністрацыі Кастрычніцкага раёну старшыня гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Аляксандр Кузняцоў. Тэма пікета , які ён хацеў правесці -- гэта "пратэст супраць палітычных рэпрэсій у краіне, акцыя салідарнасці з палітвязнямі і патрабаванне іх неадкладнага вызвалення і поўнай рэабілітацыі". Забарону на правядзенне акцыі з Першамайскай раённай адмміністрацыі атрымалі таксама каардынатар Руху "За свабоду" па Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Аляксей Гаўруцікаў.