viasna on patreon

Аршанскія актывісты судзяцца з райвыканкамам за забаронены пікет

2013 2013-12-17T07:05:50+0300 2013-12-17T07:05:50+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudy-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суддзя Алеся Котава параіла заяўнікам забароненага пікета тэрмінова заплаціць другую судовую пошліну, каб разбіраць скаргу ў двух асобных працэсах. Але парушаных правоў на арганізацыю масавага мерапрыемства пакуль не ўбачыла.

Заяўнікі забароненага пікету па праблеме капітальнага рамонту гарадскога маста праз Днепр прыйшлі 16 снежня ў суд разам са сваімі аднадумцамі. Актывіст руху "За Свабоду" Юрый Нагорны і актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Яўген Анішчанка патлумачылі, што на пікеце 30 лістапада хацелі абмеркаваць з землякамі неабходнасць рамонту аварыйнага маста, і хоць рамонт ужо распачаўся, пытанняў для абмеркавання толькі пабольшала, лічаць актывісты:

"Тэрміны рамонту – неакрэсленыя, што са сродкамі на гэты рамонт – таксама невядома, апрача хіба таго, што іх няма. Мост зачынены для транспарту, другі гарадскі мост перагружаны, і колькі гэта будзе працягвацца – невядома. Таму мы прасілі суд прызнаць забарону на пікет незаконнай, а таксама каб райвыканкам усё ж дазволіў нам правесці акцыю. Але суддзя параіла нам "падзялць" нашу заяву на дзве часткі, каб разглядаць асобна нашы прэтэнзіі да ўладаў і нашы прэтэнзіі да гарадской службы ЖКГ, міліцыі і медыкаў, якія не заключылі з намі дамовы на абслугоўванне акцыі. А менавіта праз гэтую акалічнасць нам і адмовілі,"—гаворыць Юры Нагорны.

Ён упэўнены, што "дзяліць" скаргу на часткі не мае сэнсу, бо ўсе згаданыя структуры – дзяржаўныя, падпарадкаваныя райвыканкаму.

Райвыканкам прадстаўляла супрацоўніца юрыдычнага аддзелу Кацярына Лаўрэнава. Яна заявіла, што забарона на пікет – гэта не парушэнне правоў гараджан, а неабходнасць, выкліканая тым, што заяўнікі не выканалі ўмоваў рашэння Аршанскага гарвыканкаму пра арганізацыю масавых акцый. У гэтым рашэнні гаворыцца, што арганізатары абавязаныя прадаставіць разам з заяўкай дамовы на абслугоўванне акцыі з ЖКГ, цэнтральнай паліклінікай і Аршанскім райаддзелам унутраных справаў.

"Аднак з райаддзела міліцыі і з цэнтральнай паліклінікі нам адказалі, што дамовы будуць заключаць толькі калі нам дазволяць акцыю. А з камунальнага прадпрыемства "Спецаўтабаза" мы ўвогуле не атрымалі аніякага адказу ", -- расказаў суду Яўген Анішчанка.

Суддзя Алеся Котава так і не прыняла ніякага рашэння. Яна перанесла пасяджэнне на 23 снежня і выклікала на яго намесніка старшыні райвыканкаму Алега Смірноўскага, які падпісаў адмову.

"Складаецца ўражанне, што суддзя спрабуе разабрацца ў справе. Ёй таксама не зразумела, як можна папярэдне заключыць дамовы са структурамі, якія гатовы зрабіць гэта толькі пасля канчатковага вердыкту ўладаў. Мы спрабуем давесці, што такі парадак невыканальны, што рашэнне мясцовых уладаў абмяжоўвае нашы правы на арганізвацыю акцый, на свабоду меркаванняў. А прадстаўніца юрыдычнага аддзелу настойвае, што ўсё законна… Мы ведаем, што падобная сітуацыя -- амаль па ўсёй Віцебскай вобласці, гэтыя рашэнні мясцовых выканкамаў напісаны нібыта па адным трафарэце і з адной мэтай – каб забараніць усе акцыі па ініцыятыве дэмакратычных сіл," – працягвае Юры Нагорны.

Дарэчы, днямі ў Оршы быў забаронены пікет па яшчэ адной важнай гарадской праблеме – праблеме вынішчэння дрэваў у Парку піянераў у раёне вуліцы Молакава. Прычына забароны тая самая – адсутнасць дамоваў, якія заключыць немагчыма.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства