Баранавічы: ператрус у кватэры актывіста БХД тлумачаць канфліктам мясцовых хлопцаў з туркменамі
Ператрус, які правялі ў Баранавічах супрацоўнікі ГАУС на кватэры, дзе прапісаны актывіст незарэгістраванай палітычнай партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Арцём Бабей, у выніку якога былі канфіскаваны два ноўтбукі, дыскі, партыйныя газеты і налепкі з “Пагоняй”, тлумачыўся праверкай датычнасці актывіста да бойкі мясцовых хлопцаў з туркменамі, якая адбылася 13 снежня.
– Праз дзень пасля бойкі мясцовых хлопцаў з туркменамі ў Баранавічах міліцыя мяне затрымала, каб даведацца, ці меў я якое-небудзь дачыненне да гэтага міжнацыянальнага канфлікту на плошчы Леніна. Мяне адпусцілі адразу, бо я не меў аніякіх адносінаў да гэтага інцыдэнту. А вось 18 снежня яны ўжо правялі ператрус кватэры, дзе жывуць мой брат з мамай і канфіскавалі кампутары і бэхэдоўскую інфармацыйную літаратуру, якая, безумоўна, таксама не мае аніякага дачынення да беларуска-туркменскага маладзёвага канфлікту ў Баранавічах, – паведаміў Арцём Бабей.
Як адзначыла мама Арцёма Бабея Ірына Карніцкая, супрацоўнікаў міліцыі падчас ператрусу больш цікавілі паперы Арцёма, чым рэчавыя доказы яго дачынення да маладзёвай бойкі 13 снежня ў цэнтры горада.
– Мне здаецца, што міліцыі я хутчэй цікавы як сябра аргкамітэта незарэгістраванай палітычнай партыі, чым як чалавек, які можа біцца з замежнымі студэнтамі Баранавіцкага дзяржаўнага універсітэта, – дадаў маладзёвы грамадскі актывіст.
Арцём Бабей мае намер абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў вышэйстаячых органаў улады.
Фота: грамадскі актывіст Арцём Бабей