Беларуская асацыяцыя журналістаў асудзіла дзеяньні уладаў Узбекістана, якія пераследуюць журналістку і праваабаронцу Уміду Ніязаву
Праўленне грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” абмеркавала на пасяджэнні сітуацыю з Умідай Ніязавай і асудзіла дзеяньні ўладаў Узбекістана ў дачыненні журналісткі і праваабаронцы.
1 траўня ў Ташкенце 32-гадовай Умідзе Ніязавай быў вынесены прысуд 7 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Яе абвінавацілі ў парушэнні адразу трох крымінальных артыкулаў: “Незаконны выезд за мяжу альбо незаконны ўезд у Рэспубліку Узбекістан”, “Выраб ці распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць пагрозу грамадскай бяспецы і грамадскаму парадку” і “Кантрабанда”. Разгляд судовай справы ладзіўся ў закрытым рэжыме.
Але, згодна з апошнімі паведамленьнямі інфармагенцтваў з Узбекістану, 8 траўня апеляцыйны суд замяніў прысуд з 7 гадоў пазбаўлення волі на 7 гадоў ўмоўна з трохгадовым выпрабаваўчым тэрмінам. Пра гэта паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
У абарону журналісткі выступілі шэраг міжнародных праваабарончых арганізацый, грамадскія і палітычныя інстытуты, урады дэмакратычных краін. Нагадаем, што праваабарончы цэнтар 'Вясна' звярнуўся да прэзідэнта Рэспублікі Узбекістан Іслама Карымава з пратэстам у сувязі з арыштам і зьняволеньнем узбекскай праваабаронцы і журналісткі. Адпаведны пратэст быў накіраваны таксама Пастаяннаму Паўнамоцнаму Прадстаўніку Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь і Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму паслу Рэспублікі Узбекістан у Расійскай Федэрацыі.