Баранавічы: маці актывіста БХД звярнулася ў пракуратуру
Карніцкая Ірына, маці грамадскага актывіста БХД Бабея Арцёма, звярнулася ў Баранавіцкую міжраённую пракуратуру з нагоды праведзенага 18 снежня ператрусу. Яна паведаміла, што двое ў цывільным прад’явілі ёй пастанову, падпісаную чалавекам са Следчага камітэта, на агляд кватэры, адмовіўшыся пакінуць копію гэтага дакумента. У пастанове было напісана, што нейкі хлопец з групай невядомых асобаў 13 снежня на плошчы Леніна канфліктаваў з асобамі небеларускай нацыянальнасці і прадпрымаў супраць іх хуліганскія дзеянні. Каб знайсці матэрыялы і рэчы, якія дапамогуць адшукаць гэтых падазроных людзей, міліцыя і праводзіла ператрус па месцы прапіскі Арцёма Бабея. Якім чыеам звязаны з бойкай баранавіцкіх хлопцаў з туркменамі Арцём, Ірыне Карніцкай ніхто не растлумачыў.
У сваёй заяве пракурору Ірына Карніцкая адзначыла, што падчас агляду кватэры супрацоўнікаў міліцыі больш цікавілі паперы яе сына, чым рэчавыя доказы яго дачынення да маладзёвай бойкі. Яны, сцвярджае сп. Карніцкая, перагортвалі старыя падручнікі, разглядалі канверты, у якіх Арцёму прыходзяць газеты і лісты з аргкамітэта БХД. Міліцыянеры нават забралі асабісты кампутар жанчыны, дыскі сыноў SD, DVD, SD-R, SD-RW у колькасці 45 адзінак і бэхэдоўскую інфармацыйную літаратуру, якая, безумоўна, не мае таксама аніякага дачынення да беларуска-туркменскага маладзёвага канфлікту ў Баранавічах
Падчас вынятку ўсіх матэрыялаў супрацоўнік міліцыі Валер Варэнік паабяцаў жанчыне, што яна можа раніцай 19 снежня забраць у ГАУС ноўтбук, які ёй неабходны для працы. Але калі Ірына Карніцкая прыйшла ў міліцыю за ноўтбукам, то з яе проста пасмяяліся і паведамілі, што зможа яго атрымаць не раней як праз месяц.
Ірына Карніцкая лічыць дзеянні супрацоўнікаў ГАУС незаконнымі па наступных прычынах:
1) у пратаколе агляду ніхто са сведкаў не ўказваў на яе сына, які на думку маці, не мае аніякага дачынення да канфлікту з туркменскімі студэнтамі;
2) супрацоўнікі міліцыі не выдалі ёй копію пастановы на агляд кватэры;
3) пратаколе вынятку кампутараў нават не пазначылі іх нумары;
4) да міжнацыянальнага канфлікту не маюць адносінаў канфіскаваныя налепкі з выяваю “Пагоні” і улёткі «Моладзь супраць спайса», «Мы – за сямейныя каштоўнасці».
Карніцкая Ірыны лічыць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі пераследам яе сына па палітычных матывах. Яна просіць правесці пракурорскае расследаванне і даць ацэнку супрацьпраўным дзеянням работнікам міліцыі, а таксама дапамагчы вярнуць яе рэчы.
Фота: Баранавіцкая міжраённая пракуратура