viasna on patreon

У мінчаніна за акцыю "Стоп- падатак" забралі BMW

2013 2013-12-26T17:41:00+0300 2013-12-26T15:37:23+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dai-supracounik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхар Мінска Дзмітрый Прыгараў, які звярнуўся па дапамогу ў ПЦ "Вясна", распавёў, што 20 снежня на праспекце Незалежнасці супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС забралі ў яго аўтамабіль BMW абсалютна свавольным чынам - без усялякіх тлумачэнняў і складання адпаведных дакументаў.

Дзмітрый Прыгараў для ўдзелу ў акцыі "Стоп- падатак" выехаў на сталічны праспект з улёткай "Хопіць абдзіраць!" на сваім аўтамабілі, з якога раздавалася "Ня быць скотам" у выкананні "Ляпіса Трубяцкога".

- Я рухаўся па праспекце з боку плошчы Перамогі ў кірунку Дома ўрада, калі ў раёне Палаца Рэспублікі мяне спыніў патруль ДАІ і накіраваў на стаянку каля палаца. Мяне адразу ж аштрафавалі за тое, што я сігналіў, гэта значыць ім пра гэта ўжо паведамілі па рацыі. Пытанне аб тым, як вызначылі ў суцэльным гуле менавіта мой сігнал, нікога не цікавіла. Пры мне супрацоўнік ДАІ камусьці патэлефанаваў і ўдакладніў нумар артыкула за падачу гукавога сігналу і з усмешкай сказаў, што ўпершыню будзе штрафаваць за тое, што нехта сігналіў. Ён выпісаў мне квітанцыю на 65 тысяч штрафу.

Дзмітрый адзначае, што ніхто з двух супрацоўнікаў міліцыі, якія знаходзіліся з ім у машыне ДАІ, не прадставіўся, не паказаў ніякіх дакументаў. Пасля таго, як штраф быў аформлены, яго папрасілі адкрыць капот аўтамабіля.

- Я запытаўся, з якой мэтай. Сказалі, што трэба праверыць нумары кузава. Са стоадсоткавай упэўненасцю, што ў мяне з гэтым усё ў парадку (мой аўтамабіль пастаўлены на ўлік, неаднаразова праходзіў тэхагляд, усе зверкі нумароў - без праблем), я падняў капот. Ён толкам туды нават не паглядзеў і паведаміў, што машына адпраўляецца на стаянку Цэнтральнага РУУС. Я спытаў прычыну, ён сказаў: "у вас перавараны "стакан"з нумарным знакам кузава". Я паказаў яму завадскія швы, спрабаваў пераканаць, што такога быць не можа. На ўсе мае довады ён адказаў, што ён не эксперт і з гэтым будуць разбірацца эксперты. Да гэтага часу ўжо падаспеў эвакуатар, гэта значыць, яны мэтанакіравана хацелі адабраць у мяне аўтамабіль, але я сказаў, што сам сяду за руль.

Па дарозе ў РУУС Дзмітрый Прыгараў яшчэ раз папрасіўсупрацоўніка міліцыі, якісуправаджаў яго,паказаць свае дакументы - ніякай рэакцыі на яго просьбу не было.

Малады чалавек кажа, што ў Цэнтральны РУУС у якасці эксперта для агляду аўтамабіля з'явіўся крыміналіст, які, з яго ж уласных слоў, наогул не меў права ажыццяўляць гэты агляд. Але ўсё ж агледзеў BMW, зрабіў некалькі фота. Але пасля гэтага ўладальніку аўтамабільне аддалі.

- Мы чакалі яшчэ кагосьці. У РУУС прыехаў той даішнік, які выпісваў мне штраф. Падобна,ён блізкі да начальства, бо раздаваў там усім ўказанні. Ён сказаў мне аддаць ключы ад машыны і тэхпашпарт. Я адмовіўся аддаваць ключы, маўляў, на якой падставе. Я сказаў яму, што ў гэтай сітуацыі мне наогул павінны былі выпісаць накіраванне на экспертызу, я павінен быў з'ехаць сваім ходам і гэтак далей...

На пярэчанні аўтаўладальніка супрацоўнік ДАІ прапанаваў яму два варыянты: альбо сам аддаеш аўтамабіль, альбо забіраем яго сілай.

- Я аддаў яму ключы. Пасля гэтага яны яшчэ доўга фатаграфавалі аўтамабіль, пісалі пратакол агляду. Аўтамабіль апячаталі. Але мне не далі ні копію пратакола аб затрыманні, ні копію агляду аўтамабіля. Сказалі толькі прыйсці ў панядзелак - ні да каго, ні куды.

Калі 23 снежня Дзмітрый Прыгараў прыйшоў у Цэнтральны РУУС, яго каля гадзіны перанакіроўвалі з кабінета ў кабінет.

- У выніку я зайшоў да начальніка крымінальнага вышуку і сказаў, што хацелася б даведацца што да чаго. Я спытаў, калі будзе экспертыза, сказаў, што хачу, каб экспертыза праводзілася ў маёй прысутнасці. Хацеў даведацца, колькі часу мая машына будзе знаходзіцца ў іх, таму што ў мяне хворая бабуля, якую трэба вазіць у паліклініку і гэтак далей. На ўсё гэта мне адказалі: раней трэба было думаць, сядзеў бы дома - не было б праблем.

Без лішніх тлумачэнняў супрацоўнік Цэнтральнага РУУС паведаміў Прыгараву, што яго аўтамабіль застанецца там на месяц.

24 снежня малады чалавек накіраваў скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі начальніку ўпраўлення ўнутраных спраў адміністрацыі Цэнтральнага раёна горада Мінска.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства