27 сьнежня — новая акцыя кіроўцаў супраць падатку на аўто
«Мы правядзем акцыю пратэсту супраць увядзеньня падатку на аўто 27 сьнежня ў 18.00!» — гаворыцца ў новаўтворанай групе, якая зьявілася «уКантакце» замест выдаленай суполкі напярэдадні.
Арганізатары акцыі прапануюць усім кіроўцам выехаць на цэнтральныя праспэкты сваіх гарадоў, сыгналіць і ўсяляк запавольваць рух:
«Мы выйшлі і выехалі 20 сьнежня, але нас ўлады не пачулі! Таму мы будзем „крычаць“ далей да тых часоў, пакуль нас не пачуюць. У гэтую пятніцу 27 сьнежня ў 18:00 на цэнтральных праспэктах свайго горада мы зноў скажам сваё „Я“! Мы людзі, а ня быдла, і з намі трэба лічыцца. Яўка абавязковая ва ўсіх гарадах краіны! Баяцца няма каго — ён ніхто!»
20 сьнежня адбылася акцыя ў Менску і некалькі іншых гарадах. У Менску каля сотні аўтамабіляў стварылі затор на праспэкце Незалежнасьці, сыгналілі, пешаходы падтрымлівалі акцыю. Міліцыі праз гадзіну ўдалося нэўтралізаваць удзельнікаў. Некалькі чалавек былі затрыманыя.