viasna on patreon

Зміцер Дрозд пра суд па іску бабруйскай калоніі: прапанавалі “кампраміс”

2013 2013-12-27T17:31:48+0300 2013-12-27T17:31:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/drozd_zmicier.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Дрозд

Зміцер Дрозд

27 снежня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска адбыўся разгляд грамадзянскай справы па іску папраўчай калоніі №2 г. Бабруйска да былога палітвязня Зміцера Дразда.

Амаль праз два з паловай гады пасля вызвалення адміністрацыя калоніі вырашыла спагнаць з яго “запазычаннасць за атрыманую рэчавую маёмасць” - 161 тысячу 61 рубель з улікам інфляцыі.  

Нягледзячы на тое, што сёння ў судзе Зміцер Дрозд адмовіўся прызнаваць іск, “запазычаннасць” яму ўсё ж давялося сплаціць.  

- Іск я не прызнаў на той падставе, што на момант вызвалення ў мяне на рахунку было 270 тысяч рублёў. То бок, калі б гэтая запазычаннасць рэальна існавала, то яны б на той момант маглі яе вылічыць з гэтых грошай. Аднак чамусьці тады яны гэтага не зрабілі. Таму нібыта з гэтай прычыны пракурор прапанаваў “кампрамісную здзелку” – сплаціць указаную суму без уліку інфляцы, як патрабуе Крымінальна-выканаўчы кодэкс, - распавёў былы вязень ПК-2.

Такім чынам, замест сумы з улікам інфляцыі (гэта каля 80 даляраў) суд спагнаў 161 тысячу рублёў, узяўшы абавязальніцтва аб тым, што гэтая сумма сёння ж будзе сплочана.

Сёння ў судзе Зміцер Дрозд высветліў, што падобныя выплаты бабруйская калонія патрабуе не толькі ад “палітычных”.

- Разам са мной у судзе быў хлопец, якога выклікалі на сёння таксама па іскавой заяве ад ПК-2. Але ён увогуле прапрацаваў у калоніі цэлы год – цалкам адпрацаваўшы ўсе выдаткі на гэтыя рэчы, і тым не менш калонія даслала яму свае прэтэнзіі. Не ведаю, чым там скончылася справа, але ён адмаўляўся яшчэ штосьці выплочваць, - кажа суразмоўца.

Раней Зміцер Дрозд выказаў меркаванне, што праз спагнанне неіснуючай запазычаннасці адміністрацыя калоніі можа помсціць былым палітвязням. Аднак пасля сённяшняга разгляду іску ў судзе ён не выключае, што ў калоніі папросту выявілася вялікая недастача, якую адміністрацыя вырашыла пакрыць за кошт былых вязняў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства