viasna on patreon

Ігар Пастноў – адзін з намінантаў на званне "Чалавек года Віцебска-2013"

2014 2014-01-04T22:01:14+0300 2014-01-04T22:01:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pastnou-igar-vicebsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Пастноў, доктар з Віцебску

Ігар Пастноў, доктар з Віцебску

Гэтае званне ў 2008 годзе заснавала рэдакцыя незалежнага сайту "Народныя Навіны Віцебска". Ігар Пастноў намінуецца ўжо другі год запар, і ў першы ж дзень галасавання ён стаў лідарам па колькасці галасоў.

Галасаванне на сайце пачалося ў абед 4 студзеня, і на 21.00 за Ігара Пастнова прагаласавалі 48 чалавек – гэта найбольшая колькасць галасоў, аддадзеная за аднаго намінанта.

Апрача Пастнова, у ліку сямі намінаваных асобаў Уладзіслаў Блін — першы біскуп Віцебскай дыяцэзіі каталіцкага касцёла, які сёлета сышоў з гэтай пасады па стане здароўя; Архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый (Мікалай Драздоў) – ініцыятар пабудовы ў Віцебску копіі полацкага Сафійскага сабора ў яго першапачатковым выглядзе; Уладзімір Конараў, які на пабудаванай уласнымі рукамі яхце “Вірго-2” праплыў Дзвіной і Балтыйскім морам з паўночнай сталіцы Беларусі ў паўночную сталіцу Расіі, пабываўшы пры гэтым у шэрагу партоў Прыбалтыкі і Скандынавіі; Юрый Поклад, трэнер віцебскай каманды па міні-футболе “Вітэн”, якая стала чэмпіёнам Беларусі і выйшла ў Лігу чэмпіёнаў; Уладзімір Пяшкун, названы на сайце "чарговым “сынам лейтэнанта Шмідта”, які выступіў на афіцыйным гарадскім мерапрыемстве ў Віцебску пад выглядам Героя Расіі і генерал-маёра марской пяхоты, хаця не меў ні такога звання, ні такой узнагароды; Вераніка Рыдкіна, студэнтка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, якая летась перамагла ўконкурсе “Міс Віцебск-2013”.

Ігар Пастноў прадстаўлены чытачам сайта як "віцебскі ўрач, які паслядоўна падвяргае крытыцы дзейнасць мясцовых уладаў". Сёлета пасля аднаго з крытычных выступаў спадара Пастнова прымусова змясцілі ў псіхіятрычную лячэбніцу. Праваабаронцы заявілі пра парушэнні правоў Пастнова на абарону ў судзе і незалежны судовы разгляд. Бо суд Віцебскага раёну паводле звароту былых калег-урачоў санкцыянаваў прымусовае лячэнне для Ігара Пастнова ў ягоную адсутнасць на працэсе, не даўшы яму бараніцца ні самому, ні з дапамогай адваката, якога дапусцілі ў шпіталь толькі праз некалькі дзён пасля суду.

Урач Ігар Пастноў намінуецца на званне "Чалавек года Віцебска" ужо другі год запар. Чытачы сайту "ННВ", галасуючы за асобу, якая "найбольш спрыяла гораду і яго вядомасці, а таксама фігуравала ў навінах выдання" у мінулым годзе надалі званне "Чалавек года Віцебска-2012" Любові Кавалёвай. Маці асуджанага за тэракт у мінскім метро і расстралянага ў сакавіку 2012 года Уладзіслава Кавалёва працягвае змагацца за гонар сына, якога лічыць несправядліва асуджаным і пакараным, яна выступае за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. Камітэт па правах чалавека ААН вызначыў, што ў адносінах да яе сына былі парушаныя права на жыццё і абарону, прэзумпцыя невінаватасці і справядлівае судовае разбіральніцтва, права перагляду судовага рашэння.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства