viasna on patreon

Збор подпісаў за адмену аўтапошліны кантралявалі міліцыя і спецслужбы

2014 2014-01-06T11:45:15+0300 2014-01-06T11:45:15+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/karniaenka_liabiedzka.jpg
Віктар Карняенка і Анатоль Лябедзька. Фота belapan.com

Віктар Карняенка і Анатоль Лябедзька. Фота belapan.com

Прыблізна 100 подпісаў за адмену аўтамабільнай пошліны і адстаўку ўрада сабралі за гадзіну ў цэнтры Мінска 5 студзеня лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і сустаршыня кампаніі "За справядлівыя выбары" Віктар Карняенка.

Палітыкі праводзілі збор подпісаў 5 студзеня з 12.00 да 13.00 на плошчы Якуба Коласа і ў раёне Камароўскага рынку. За гэтым працэсам назіралі беспрэцэдэнтная колькасць супрацоўнікаў міліцыі і спецслужбаў, якія, аднак, не перашкаджалі гэтаму. Не менш як дзесяць чалавек у цывільным пастаянна суправаджалі Лябедзьку і Карняенку, частка з іх непарыўна вялі відэаздымку, а на прылеглых вуліцах дзяжурылі машыны ДАІ і знаходзіліся некалькі міліцэйскіх аўтобусаў. Да месца правядзення акцыі палітыкаў ад самога дома суправаджалі супрацоўнікі спецслужбаў (Лябедзька жыве ў Мінску, Карняенка — у Фаніпалі).

"Улады правялі сапраўдную спецаперацыю па назіранні за зборам подпісаў. Напэўна, без міліцыі і камер людзі б больш актыўна ставілі свае подпісы. Але нават у такіх умовах утвараліся невялікія чэргі ахвотных падпісацца, прычым падпісваліся не толькі мінчане, але і жыхары іншых гарадоў Беларусі. Гэта гаворыць пра тое, што праблема закранае не толькі сталіцу, але і ўсю Беларусь", — сказаў Лябедзька.

Ён таксама паведаміў, што збор подпісаў за адмену пошліны праводзіцца ўжо ў трэці раз. Таму ўсяго ўжо сабрана некалькі тысяч подпісаў.

Як паведаміў Карняенка, пакуль не ставіцца мэта сабраць, да прыкладу, мільён подпісаў. "Гэта, хутчэй, дэманстрацыйная, сімвалічная акцыя з мэтай паказаць, што людзі не баяцца адкрыта выказваць нязгоду з дзеяннямі ўладаў", — сказаў ён.

Нагадаем, раней планавалася правесці 5 студзеня з 12.00 да 13.00 аўтапрабег па праспекце Незалежнасці супраць увядзення аўтапошліны. Аднак Мінгарвыканкам адмовіў у яго правядзенні. У якасці прычын адмовы названа тое, што Лябедзька не можа быць заяўнікам, бо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, а таксама адсутнасць у заяўцы "неабходных звестак" — у ёй не былі ўказаны пашпартныя даныя ўсіх удзельнікаў прабегу і аўтамабілі. Апрача таго, зазначылі ў гарвыканкаме, аўтапрабег прайшоў бы блізу адміністрацыйных будынкаў, дзе правядзенне масавых мерапрыемстваў забаронена.

У сувязі з забаронай аўтапрабегу і было вырашана арганізаваць збор подпісаў.

Рашэнне ўвесці з 2014 года пошліну за допуск аўтамабіляў да ўдзелу ў дарожным руху было прынята парламентам у снежні і ўхвалена прэзідэнтам. Памер пошліны складае ад 3 да 25 базавых велічыняў (зараз ад 390 тыс. да 3 млн. 250 тыс. рублёў), у тым ліку для фізічных асоб на легкавыя аўтамабілі — ад 3 да 10 базавых велічыняў (ад 390 тыс. да 1,3 млн.). Прадугледжана самастойная выплата пошліны да праходжання тэхагляду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства