viasna on patreon

Чыноўнікі не бачаць дыскрымінацыі беларускамоўных у законатворчым працэсе

2014 2014-01-08T14:21:49+0300 2014-01-08T14:55:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kanstytucyja_belarusi.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч атрымаў адказы ад уладаў з нагоды зварота ў Канстытуцыйны суд аб дыскрымінацыі беларускамоўных грамадзянаў - фактычна ўсе законы ў краіне прымаюцца па-руску, адсутнічае афіцыйны пераклад нарматыўна-прававых актаў на другую дзяржаўную мову, беларускую. Аднак чыноўнікі не бачаць у гэтым дыскрымінацыі.

Так, у лісце з Канстытуцыйнага суда за подпісам начальніка Сакратарыята
А.В. Каравая па сутнасці няма адказу на асноўнае пытанне, ці адпавядаюць Канстытуцыі арт. 7 Закона "Аб мовах" і арт. 54 Закона "Аб нарматыўна-прававых актах". Пры гэтым у дакуменце гаворыцца пра тое, што КС неаднаразова разглядаў пытанні аб роўным выкарыстанні дзвюх дзяржаўных моў - у сферы абслугоўвання абароту банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, арганізацыі цэнтралізаванага тэставання для абітурыентаў, наймення геаграфічных аб'ектаў.

Вярхоўны суд за подпісам намесніка старшыні суда А.А. Забары падрыхтаваў наступны адказ: "У адпаведнасці з арт. 17 Канстытуцыі РБ дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы. У Асноўным Законе Рэспублікі Беларусь не адзначана абавязацельства выдання і апублікавання актаў дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь на дзвюх дзяржаўных мовах - рускай і беларускай. Такім чынам, падстаў для ўнясення прапановы ў Канстытуцыйны суд РБ аб праверцы адпаведнасці Канстытуцыі РБ вышэйпералічаных норм няма".

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, як паведамлялася раней, таксама не бачыць падставаў звароту ў Канстытуцыйна суд.

У Савеце рэспублікі прытрымліваюцца той жа пазіцыі, пры гэтым у адказе адзначаецца, што шэрагам артыкулаў Закона "Аб мовах" прадастаўлена магчымасць выбару беларускай або рускай мовы. Да таго ж, у лісце са спасылкай на Закон "Аб нарматыўна-прававых актах" падкрэсліваецца, што афіцыйнае апублікаванне нарматыўна-прававога акта на іншых мовах дапускаецца толькі пры наяўнасці яго афіцыйнага перакладу на адпаведную мову.

Пры гэтым у Адміністрацыі прэзідэнта прапаноўваюць скарыстацца перакладам на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі. У адказе за подпісам начальніка галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі А.Ф.Мaцельскага гаворыцца, што "банк даных (...) прадугледжвае магчымасць якаснага перакладу прававых актаў з рускай мовы на беларускую і наадварот.

Валянцін Стэфановіч адзначае, што паспрабаваў скарыстацца перакладам на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі і быў непрыемна здзіўлены: "Пераклад неахайны, утрымлівае безліч памылак. Напрыклад, у Выбарчым Кодэксе назва арт. 1 перакладзена як "Дачыненні, якія рэгулююцца сапраўдным Кодэксам". У Кодэксе Аб зямлі арт. 13 перакладаецца як "Зямельныя ўчасткі, не дзейнікі даванню ў прыватную ўласнасць, уласнасць замежных дзяржаў, міжнародных арганізацый". У Законе "Аб унясенні зменаў ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях" (ад 14.06.2004 №290-3) можна знайсці словазлучэнне "вабяць накладанне штрафу" (арт.1, датычны зменаў арт. 23.9 КаАПП). Але ў любым выпадку гэта неафіцыйны пераклад, а я звяртаўся ў Канстытуцыйны суд і іншыя дзяржорганы менавіта наконт афіцыйнага выдання і перакладу ўсіх нарматыўна-прававых актаў Рэспублікі Беларусь на дзвюх дзяржаўных мовах - беларускай і рускай".

Праваабаронца падкрэслівае, што будзе выносіць дадзенае пытанне на міжнародны ўзровень - у Камітэт па правах чалавека ААН. Ужо сёння існуе некалькі прэцэдэнтаў, калі грамадзянам адмаўлялі ў правядзенні судовага працэсу па-беларуску, спасылаючыся на Закон "Аб мовах".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства