У чацьвёртую гадавіну зьнікненьня Віктара Ганчара Зінаіда Ганчар зьвярнулася да кожнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў з пытаньнем: якія крокі зрабіў асабіста кожны з іх, каб выявіць праўду па справах палітычна матываваных выкраданьняў у Беларусі.
У сваім лісцье жонка выкрадзенага віцэ-спікера Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня Віктара Ганчара піша:
“Да Вас зьвяртаецца Зінаіда Ганчар, жонка дэпутата Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13 скліканьня Віктара Ганчара, які быў выкрадзены 16 верасьня 1999 года і на момант выкраданьня займаў пасаду выконваючага абавязкі старшыні Вярхоўнага Савету.
Вось ужо амаль тры гады Вы з’яўляецеся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Я ўпеўненая, што Вам вядома, што справа аб зьнікненьні майго мужа да сёньняшняга дня не расьсьледаваная, вінаватыя ня выяўленыя сьледзтвам і не прыцягнутыя да адказнасьці. Прашу адказаць, што асабіста Вамі зроблена ў межах шырокіх дэпутацкіх паўнамоцтваў у мэтах выяўленьня праўды адносна абставінаў зьнікненьня Віктара Ганчара.
Мне вядома, што Сьпецыяльная камісія па расьсьледваньні абставінаў зьнікненьяў па палітычных матывах у Рэспубліцы Беларусь, створаная Камітэтам па прававых пытаньнях і правах чалавека Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы афіцыйна зьвярталася праз В. Канаплёва да дэпутатаў з просьбай аказаць максімальнае садзейнічаньне па зборы інфармацыі і арганізацыі асабістых сустрэчаў сяброў Камісіі са службовымі асобамі сілавых ведамстваў, якія, па меркаваньні Камісіі, маюць інфармацыю адносна абставінаў зьнікненьня майго мужа. Якія крокі зрабілі асабіста Вы, каб аказаць садзейнічаньне рабоце гэтай Камісіі і выяўленьню праўды па справах палітычна матываваных выкраданьняў у нашай краіне?
Я хачу нагадаць, што, улічваючы Вашае становішча дэпутата, Вас больш за іншых датычыць тое, што адбываецца ў нашай краіне. Ад Вашых дзеяньняў ці бязьдзеяньня залежыць лёс краіны і яе грамадзянаў”.
Зінаіда Ганчар адзначыла, што дадзены зварот зроблены ёю ў межах Закону “Аб зваротах грамадзянаў”
Разам з тым жонка зьніклага палітыка выказала ўдзячнасьць дэпутатам, якія падымаюць дазеную праблему і прадпрымаюць канкрэтныя крокі дзеля яе вырашэньня. Зінаіда Ганчар піша:
“Я высока цаню прынцыповую і пасьлядоўную пазіцыю, якую Вы займаеце ў мэтах выяўленьня праўды па справах аб палітычна матываваных зьнікненьнях у Рэспубліцы Беларусь, нягледзячы на ціск, які аказваецца сёньня на Вас з боку ўладаў.
Я дзякую Вам і спадазяюся на далейшую падтрымку. Я ўпэўненая, што сумеснымі намаганьнямі мы зможам дабіцца праўды, устанавіць вінаватых у арганізацыі і выкананьні выкраданьняў, перадаць іх незалежнаму суду. Я таксама спадзяюся, што нашыя сумесныя намаганьні здольныя прадухіліць паўтарэньне гвалтоўных злачынстваў у нашай краіне”.
Інфармацыйны аддзел ГА ПЦ “Вясна”