У рэйтынгу эканамічна свабодных краін Беларусь на 150-м месцы
Беларусь заняла 150-е месца з 177 у рэйтынгу эканамічна свабодных краін. Рэйтынг, падрыхтаваны фондам Heritage Foundation і экспертамі Wall Street Journal, размешчаны на сайце фонду.
Пры ацэнцы эканамічнай свабоды Беларусь атрымала 50,1 пункта (лідар рэйтынгу Ганконг — 90,1 пункта). У параўнанні з мінулым годам паказчык Беларусі палепшыўся (летась — 154-е месца і 48 пунктаў), і зараз яна займае перадапошняе месца ў рэйтынгу сярод еўрапейскіх краін. Апошняе месца тут, як і летась, заняла Украіна.
Аўтары даклада адзначылі паляпшэнні ў Беларусі ў такіх сферах, як свабода ад карупцыі, падатковая свабода, дзяржаўныя расходы, свабода інвестыцыйнай дзейнасці, свабода працоўных адносінаў, гандлёвая свабода. Разам з тым адзначана пагаршэнне па такіх паказчыках, як свабода вядзення бізнесу і манетарная свабода. Нязменнымі засталіся паказчыкі Беларусі па фінансавай свабодзе і гарантаванні правоў уласнасці.
Аўтары таксама зазначылі, што Беларусь у 2014 годзе ўпершыню перайшла з катэгорыі "несвабодных" у "пераважна несвабодныя". Аднак празмерны дзяржаўны кантроль захоўваецца ў многіх сферах эканомікі, дамінаванне дзяржаўных інвестыцый і дзяржаўнае пераразмеркаванне рэсурсаў затармазілі развіццё сучаснай дыверсіфікаванай эканомікі.
Пяцёрка самых свабодных краін, паводле версіі Heritage Foundation і экспертаў Wall Street Journal, выглядае наступным чынам: Ганконг, Сінгапур, Аўстралія, Швейцарыя і Новая Зеландыя. Сярод суседзяў Беларусі лепшы вынік у Літвы (21-е месца), затым ідуць Латвія (42-е месца), Польшча (50-е месца), Расія (140-е месца) і Украіна (155-е месца).
Суседзямі Беларусі ў рэйтынгу сталі Сьера-Леонэ, Непал, Эфіопія і Тога.