З 14-га верасня друкарня ў Рэчыцы (Гомельская вобласць) скасавала дамову на выпуск недзяржаўнай светлагорскай газеты "Регион-вести". Усе іншыя рэгіянальныя друкарні, у якія звярталася рэдакцыя, таксама адмовіліся ад супрацы з ёй.
11-га верасня рэчыцкая друкарня "Тытул" выпусціла апошні нумар газеты "Регион-вести". За некалькі дзён да гэтага дырэктарка прадпрыемства Святлана Драгун заявіла рэдакцыі, што ў іх "больш няма магчымасці друкаваць выданне", хаця ў той жа час пацвердзіла, што іншыя газеты па-ранейшаму будуць выпускацца.
Як паведаміў прэс-службе ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" галоўны рэдактар выдання Мікола Паседзька, усе спробы дамовіцца з іншымі друкарнямі скончыліся безвынікова. Жлобінскае прадпрыемства адмовілася супрацоўнічаць, матываваўшы гэта недахопам тэхнічных магчымасцяў; у Бабруйску спаслаліся на тое, што газета выходзіць не ў іх вобласці; дырэктар мазырскай друкарні ўвогуле ніяк не патлумачыў свайго рашэння. Нават Светлагорская друкарня, паслугамі якой газета карысталася да нядаўняга часу, адказала адмоваю: дырэктар прадпрыемства заявіў, што "ракі назад не поўзаюць". Цяпер рэдакцыя шукае магчымасцяў друкавацца ў Мінску.
Нагадаем: 18-га жніўня рэдакцыя "Регион-вести" атрымала ліст ад дырэктаркі рэчыцкай друкарні, у якім паведамлялася пра скасаванне дамовы з выданнем з 14-га верасня. Спн. Драгун спаслалася на вялікую загружанасць у сувязі з "сезоннай працай па выпуску календароў" і кепскім тэхнічным станам друкарскіх машын.
Галоўны рэдактар газеты М. Паседзька лічыць гэткае тлумачэнне надуманым і бачыць прычыну адмоваў у тым, што яго газета апошнім часам надавала асаблівую ўвагу працы мясцовых уладаў. Акрамя гэтага, нядаўна "Регион-вести" змянілі фармат: газета павялічыла аб'ём і пачала выходзіць у двух колерах.