Заява БАЖ у звязку з падзеямі ва Украіне
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” абураная гвалтам, які ў апошні час мэтанакіравана чыніцца ў адносінах да журналістаў, што асвятляюць падзеі ў Кіеве.
Па падліках журналісцкіх арганізацый Украіны, у часе сутыкненняў 19-20 студзеня ў Кіеве было паранена каля 30 журналістаў. Усяго на працягу лістапада-снежня 2013 г. пацярпела больш за 50 нашых калег – у асноўным ад рук міліцыі і людзей у цывільным.
Мы канстатуем, што сітуацыя ва Украіне набліжаецца да кульмінацыйнага моманту, які будзе вызначаць далейшы шлях краіны. Зараз як ніколі і ўкраінскаму грамадству, і сусветнай супольнасці патрэбная інфармацыя пра тое, што там адбываецца. І за журналістаў гэтую працу ніхто не зробіць.
Мы заклікаем улады Украіны тэрмінова спыніць ганебную практыку ўжывання грубай сілы ў дачыненні да нашых калег.
Мы таксама далучаемся да патрабаванняў перагледзець змены ў заканадаўства Украіны, якія істотна абмяжоўваюць не толькі грамадзянскія правы, але і свабоду слова.
Мы заклікаем журналісцкую супольнасць свету аб’яднаць галасы ў падтрымку пацярпелых і зняволеных калег, якія знаходзяцца ў эпіцэнтры падзеяў.
Ніякія запалохванні, забароны і пераслед не павінныя перашкаджаць журналістам выконваць прафесійны абавязак.
Прынята Праўленнем ГА “БАЖ”
21.01.2014