Прызначаная дата разгляду скаргі на рашэнне пра рээкспарт або знішчэнне кнігі Алеся Бяляцкага
Папярэдняе судовае паседжанне па скарзе праваабаронцы Тацяны Равякі на дзеянні службовых асоб Ашмянскай мытні прызначана на 29 студзеня ў судзе Ашмянскага раёна. Пачатак у 14-30.
Праваабаронца патрабуе суд прызнаць неправамоцнымі дзеянні Ашмянскай мытні, якія абавязалі яе да 21 студзеня змясціць 40 асобнікаў друкаваных выданняў кнігі Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай» пад мытную працэдуру рээкспарту з выкарыстаннем дэкларацыі на тавары, а таксама прыпыніць выкананне гэтых дзеянняў дзеяння да вырашэння скаргі ў судовым парадку.
2 студзеня Ашмянская мытня папярэдзіла Тацяну Равяку аб неабходнасці ажыццяўлення мытнай працэдуры рээкспарту 40 асобнікаў друкаваных выданняў «Асьвечаныя беларушчынай». Гэта патрабаванне было абгрунтавана высновамі двух мытных экспертыз, а таксама пунктам 1.3 Рашэння Адзінага пераліку тавараў, да якіх прымяняюцца забароны ці абмежаванні на ўвоз ці вываз дзяржавамі - членамі Мытнага саюза.
40 асобнікаў кнігі Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай» былі забраныя ў праваабаронцы супрацоўнікамі Ашмянскай мытні 3 ліпеня 2013 года, якія прынялі рашэнне аб прызначэнні мытнай экспертызы.
Экспертыза, якую праводзілі спецыялісты Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродненскага аблвыканкаму, прыйшла да высновы, што кніга Алеся Бяляцкага “можа нанесці ўрон іміджу Рэспублікі Беларусь”. Заключэнне экспертнай камісіі ад 3 верасня 2013 года Таццяна Рэвяка атрымала па пошце 5 верасня. Гэтаму папярэднічалі два месяцы перапіскі праваабаронцы з мытнымі органамі.
Не пагадзіўшыся з рашэннем экспертнай камісіі і парушэннямі працэдуры яе правядзення, паколькі экспертыза не адпавядала законным патрабаванням у сувязі з “адсутнасцю канкрэтных высноваў экспертаў па пытаннях, пастаўленых Ашмянскай мытняй” Тацяна Равяка дамаглася паўторнай экспертызы.
Паўторная экспертыза падцвердзіла высновы першай, хаця пра гэта можна толькі здагадвацца, паколькі тэкст экспертызы Тацяне Равяка не быў дасланы, хаця яна і прасіла гэта зрабіць, калі была праінфармавана пра яе прызначэнне.
Праваабаронца палічыла, што «экспертная камісія» парушыла пералічаныя патрабаванні да сваёй высновы, а менавіта:
у заключэнні не пазначана месца правядзення мытнай экспертызы;
у якасці падставы для правядзення мытнай экспертызы ўказваецца нейкі ліст Ашмянскай мытні, а не рашэнне аб прызначэнні мытнай экспертызы інспектарам мытні;
члены экспертнай групы - не з'яўляліся мытнымі экспертамі, паколькі такімі не былі прызначаныя мытняй.
Таксама ў заключэнні адсутнічае адзнака, засведчаная подпісам мытнага эксперта, пра тое, што ён папярэджаны аб адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці за дачу заведама фальшывага заключэння пры правядзенні мытнай экспертызы.