viasna on patreon

Галоўная роля ў вырашэнні лёсу кнігі Алеся Бяляцкага адведзена “зацікаўленым органам” (дадаўся тэкст экспертызы)

2014 2014-01-29T23:59:00+0300 2014-01-30T11:20:29+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/reviaka-kniha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Таццяна Рэвяка

Таццяна Рэвяка

29 студзеня ў судзе Ашмянскага раёна адбылося папярэднае слуханне па грамадзянскай справе праваабаронцы Таццяны Рэвяка супраць Ашмянскай мытні, якая забараніла кнігу Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай” да ўвозу ў Беларусь.

Справу разглядае суддзя Таццяна Емельяновіч, мытны орган прадстаўляюць Тамара Глінкевіч і Алена Ждановіч. У якасці прадстаўніка інтарэсаў Таццяны Рэвяка ў працэс дапушчаны юрыст Павел Сапелка.    

Як паведаміла Таццяна Рэвяка, падчас сённяшняга паседжання яны заявілі пра неабходнасць азнаямлення з дакументамі, найперш з вынікамі паўторнай экспертызы выдання, бо на яе падставе Ашмянскай мытняй і было прынятае рашэнне пра рээкспарт кнігі на тэрыторыю Літвы.

Нагадаем, што першая “экспертыза” выклікала ў праваабаронцаў шмат пытанняў, якія неаднаразова ставіліся ў скаргах у мытныя органы. Асноўная прэтэнзія тычылася таго, што экспертыза кнігі праводзілася не той асобай, якая была прызначана Ашмянскай мытняй, што з’яўляецца грубым парушэннем закона. Калі і кім праводзілася паўторная, прызначаная па патрабаванні праваабаронцаў, экспертыза, да сённяшняга дня было не вядома, бо мытнікі не прадставілі інфармацыю пра гэта, як і пра сам змест другой экспертызы. Паведамілі толькі пра неабходнасць вывазу кнігі з тэрыторыі Беларусі.       

Па словах Таццяны Рэвяка, сёння яна даведалася, што паўторная экспертыза праводзілася з 20 лістапада па 9 снежня 2013 года.

- Нічога новага мы не даведаліся. Асноўны змест новай экспертызы цалкам паўтарае ранейшую. З усімі памылкамі і парушэннямі, на якія мы ўказвалі ў сваіх скаргах. Адзінае, што дадалося – яшчэ адно пытанне на вырашэнне экспертаў. Раней мытны орган прасіў даследваць кнігу на наяўнасць заклікаў ці прапаганды да экстрэмізму і інфармацыі, якая можа нанесці палітычную ці эканамічную шкоду РБ, дзяржаўнай бяспецы, здароўю і маральнасці грамадзянаў. Зараз яшчэ ёсць пытанне наконт тэрарызму. Але ні экстрэмізму, ні тэрарызму пры паўторнай спробе ў кнізе не знайшлі, - кажа праваабаронца.

Аднак! Экспертызу праводзілі ўсё тыя ж “эксперты” -  супрацоўнікі Гродзенскага ўніверсітэта Уладзімір Ягорычаў і Вадзім Хілюта. Праваабаронцаў абурае і тое, што застаецца невядомым, на якой падставе склад “экспертнай” камісіі застаўся ранейшым. Як распавёў Павел Сапелка, падчас папярэдняга слухання справы высветлілася, што прадугледжанага законам рашэння, на падставе якога б прызначаліся эксперты, не выносілася.

- У заключэнні ўзгадваецца толькі нейкі ліст з Ашмянскай мытні, паводле якога былі вызначаны усё тыя ж выкладчыкі Ягорычаў і Хілюта. Але нічога канкрэтнага нам не вядома, паколькі копія гэтага ліста ў суд прадастаўлена не была, - адзначыў юрыст.  

Спадары “эксперты” ў сваім заключэнні далі цікавы адказ. Маўляў, па гэтых пытаннях мы выказаліся ў папярэдняй экспертызе, але адназначная выснова можа быць зроблена толькі падчас экспертызы з удзелам "зацікаўленых дзяржаўных органаў".

Якіх?  

 

Наступнае судовае паседжанне прызначана на 10 лютага і пачнецца аб 11-й гадзіне.

 

Нагадаем, 40 асобнікаў зборніка літаратуразнаўчых артыкулаў і эсэ “Асьвечаныя Беларушчынай” былі канфіскаваныя ў сябры Рады ПЦ “Вясна” Таццяны Рэвяка 3 ліпеня 2013 года на беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску “Каменны Лог”, калі яна везла іх з Вільні ў Беларусь. Ашмянская мытня накіравала кнігу на экспертызу, перад якой былі пастаўлены пытанні пра наяўнасць  у кнізе заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці альбо яе прапаганды; пра наяўнасць інфармацыі, якая б магла нанесці палітычную ці эканамічную шкоду дзяржаве альбо дзяржаўнай бяспецы, здароўю ці маральнасці грамадзянаў Беларусі. З 24 па 30 ліпеня незаконна прызначаная камісія з двух выкладчыкаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта праводзіла экспертызу, па выніках якой прызнала, што кніга “можа нанесці ўрон іміджу Рэспублікі Беларусь”. Пасля паўторнай экспертызы мытны орган заявіў пра неабходнасць вывазу кнігі з тэрыторыі Беларусі, пасля чаго праваабаронцы накіравалі скаргу ў суд.

 

Фотакопія Заключэння экспертнай камісіі па кнізе Алеся Бяляцкага "Асьвечаныя Беларушчынай":

Паўторная экспертыза кнігі А.Бяляцкага "Асьвечаныя Беларушчынай", ст. 1
Паўторная экспертыза кнігі А.Бяляцкага "Асьвечаныя Беларушчынай", ст. 2
Паўторная экспертыза кнігі А.Бяляцкага "Асьвечаныя Беларушчынай", ст. 3
Паўторная экспертыза кнігі А.Бяляцкага "Асьвечаныя Беларушчынай", ст. 4
Паўторная экспертыза кнігі А.Бяляцкага "Асьвечаныя Беларушчынай", ст. 5
Паўторная экспертыза кнігі А.Бяляцкага "Асьвечаныя Беларушчынай", ст. 6

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства