У Баранавічах прапануюць змены па дэмакратызацыі рашэння аб масавых мерапрыемствах
Праваабаронцы і грамадскія актывісты Сяргей Гоўша, Віктар Сырыца, Вячаслаў Болбат, Віктар Мезяк, Мікалай Чарнавус, Рыгор Грык і Анжаліка Камбалава звярнуліся да новага старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Юрыя Грамакоўскага з прапановамі аб дэмакратызацыі рашэння аб масавых мерапрыемствах.
У заяве гаворыцца, што па розных прычынах ужо больш за 6 гадоў Баранавіцкі гарвыканкам не дае дазволу фактычна нікому з прадстаўнікоў грамадскасці на правядзенне масавых мерапрыемстваў, парушаючы арт. 2 і 35 Канстытуцыі РБ. У пацвярджэнне сказанага заяўнікі прыклалі да звароту копіі сваіх заяў на правядзенне масавых мерапрыемстваў і адмовы гарвыканкама і ГАУС.
– Мы яшчэ прыклалі і рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН, які прызнаў незаконным рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама забараніць сход грамадзян горада 10 верасня 2006 года, – паведаміў праваабаронца Сяргей Гоўша.
Заяўнікі адзначаюць, што згодна з рашэннем гарвыканкама № 1497 ад 16.06.2009г. “Аб парадку правядзення ў г. Баранавічы масавых мерапрыемстваў” ад арганізатараў патрабуецца заключыць дамовы аб прыборцы тэрыторыі, медыцынскім абслугоўванні і ахове грамадскага парадку. Аднак выканаць рашэнне ў часцы заключэння дамовы з Баранавіцкім ГАУС практычна немагчыма. У аддзеле аховы грамадскага парадку ГАУС заяўляюць, што падпішуць дамову тады, калі гарвыканкам дасць дазвол на правядзенне мерапрыемства, а дазвол на правядзенне не даецца, матывуючы тым, што не заключана дамова з міліцыяй.
Заяўнікі просяць унесці наступныя змены ў рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама:
1. Пашырыць колькасць пастаянных месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў да 3-4;
2. У сваіх рашэннях аб забароне пікетаў, сходаў ці мітынгаў і г.д. канкрэтна ўказваць, які пункт Закона (ці рашэння гарвыканкама) аб масавых мерапрыемствах, абзац і частку абзаца парушылі заяўнікі, каб выключыць усе спрэчныя пытанні;
3. Запрашаць саміх заяўнікаў на пасяджэнні гарвыканкама, дзе плануецца разгляд іх заяў на правядзенне масавых мерапрыемстваў для высвятлення спрэчных пытанняў ці звычайных удакладненняў.
4. Унесці дадатковы пункт: Адзіночныя пікеты праводзяцца па заяўнаму прынцыпу, і дазвол Баранавіцкага гарвыканкама на іх правядзенне не патрабуецца, калі заяўнік бярэ на сябе абавязак па прыборцы тэрыторыі, забеспячэнні аховы грамадскага парадку і медыцынскаму абслугоўванню.
5. Выкрасліць з пункта 4 падпункт, які абавязвае арганізатараў масавых мерапрыемстваў заключаць абавязковае пагадненне з міліцыяй па ахове грамадскага парадку.
– Мы прапануем не заключаць дамову з міліцыяй таму, што п. 5 пастановы Савета Міністраў РБ ад 05.03.2012 г. № 207 абавязвае мясцовы выканаўчы і распарадчы орган на працягу аднаго дня з моманту рэгістрацыі заявы на правядзенне масавага мерапрыемства накіроўваць яго копію ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў для разгляду пытанняў, звязаных з аховай грамадскага парадку, – адзначыў Сяргей Гоўша.
Правабаронца ўпэўнены, што прапановы грамадскіх актывістаў змяншаюць бюракратычную цяганіну і будуць садзейнічаць дэмакратызацыі рашэння Баранавіцкага гарвыканкама аб масавых мерапрыемствах.