Міністэрства культуры будзе адказчыкам у судзе
Брэсцкі каардынатар Руху “За Свабоду” Дзяніс Турчаняк спрабуе аспрэчыць дзеянні Міністэрства культуры РБ, якое ўзгадняла праектную дакументацыю і выдала дазвол на будаўніцтва аўтадарожнага моста на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці.
У скарзе, якую Турчаняк накіраваў у суд Цэнтральнага раёна г.Мінска, гаворыцца, што згаданы мост будуецца ў тым месцы гісторыка-культурнай каштоўнасці (якой з’яўляецца мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”), дзе яго ніколі не існавала, і гэта вядзе да неабгрунтаваных зменаў, якія нельга аднесці да рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ. Акрамя таго, заканадаўствам забаронена ўзгадненне навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях катэгорый “0”, “1” і “2” , якія не былі падтрыманыя Навукова-метадычнай радай. Між тым, у дакументах, якія тычацца будаўніцтва маста, няма адпаведнага рашэння гэтай рады.
Брэсцкі каардынатар Руха “За Свабоду” просіць суд прызнаць незаконнымі дзеянні Міністэрства культуры РБ па ўзгадненні праектнай дакументацыі і выдачы дазволу на выкананне работ, а таксама прызнаць згаданыя дакументы несапраўднымі.