viasna on patreon

У Глыбокім збіраюцца адзначыць Дзень Канстытуцыі правядзеннем пікета

2014 2014-02-03T14:01:10+0300 2014-02-03T14:01:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kanstytucyja_belarusi.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь

Заяўнікі – мясцовыя актывісты Яраслаў Берніковіч і Зміцер Лупач, якія вырашылі балатавацца ў абласны і раённы саветы на сёлетніх выбарах – звярнуліся ў Глыбоцкі райвыканкам, каб правесці акцыю 15 сакавіка. Адначасова даслалі лісты да медыкаў, міліцыі і службы ЖКГ, каб заключыць дамовы на абслугоўванне масавага мерапрыемства.

Паводле Зміцера Лупача, дазвол на правядзенне пікету да Дня Канстытуцыі мусіць быць доказам павагі з боку дзяржавы да асноўнага дзяржаўнага дакументу:

"У многіх краінах Дзень Канстытуцыі – гэта дзяржаўнае свята. А ў нас – гэта звычайны працоўны дзень, хаця, прыкладам, угодкі рэвалюцыі 7 лістапада адзначаюцца з вялікім размахам – прынамсі, гэта выходны дзень… Таму мы хочам нагадаць землякам пра важнасць Канстытуцыі як дакументу, дзе прадэклараваныя асноўныя грамадзянскія правы. Пікет мы хочам правесці ў адмыслова вызначаным уладамі месцы – у скверы на перасячэнні вуліц Леніна, Чырвоных Партызан, Палявой і Інтэрнацыянальнай. Лісты да адпаведных служб, каб заключыць дамовы на абслугоўванне, мы таксама ўжо разаслалі".

Мінулым разам глыбоцкія актывісты падавалі заяўку на правядзенне пікета салідарнасці з палітвязнямі 23 лістапада мінулага года. Але атрымалі адмову ад уладаў: у якасці падставы для забароны была названа якраз змена месца для правядзення масавых акцый. Аднак калі Зміцер Лупач вырашыў, што ягоныя правы на правядзенне акцыі парушаныя і вырашыў бараніць іх праз суд, прадстаўнікі райвыканкаму назвалі ўжо іншую прычыну. У Глыбоцкім райсудзе актывісту было сказана, што ён не выканаў рашэнне мясцовых уладаў, не забяспечыўшы абслугоўванне акцыі адпаведнымі службамі – міліцыяй, камунальнікамі і медыкамі.

Цяпер, каб прадухіліць адмову па гэтай прычыне, актывісты загадзя звярнуліся з заяўкай на акцыі і загадзя звярнуліся ў тыя структуры, якія мусяць забяспечыць ахову, захаванне правапарадку і медычнае абслугоўванне для ўдзельнікаў і наведнікаў пікета, а таксама арганізаваць прыборку тэрыторыі пасля акцыі.

Такую стратэгію ўпершыню выкарысталі ў Віцебску. Тамтэйшыя актывісты Аляксей Гаўруцікаў і Хрыстафор Жаляпаў вырашылі звяртацца па дазвол за 2 месяцы да запланаванай акцыі – каб паспець ніцыяваць судовыя працэсы супраць тых, хто адмовіцца заключаць дамовы на абслугоўванне. Бо гарадскія службы не хочуць супрацоўнічаць з актывістамі, і гэта аўтаматычна становіцца падставай для адмоваў.

Тым не менш, каардынатар Руху "За свабоду" па Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Аляксей Гаўруцікаў ужо атрымалі забарону на правядзенне акцыі да Дня Канстытуцыі ў Віцебску. Прычына – адмова ад супрацоўніцтва з боку абласной управы МУС і цэнтральнай гарадской паліклінікі. Цяпер віцебскія актывісты рыхтуюць звароты ў суд, а таксама да кіраўнікоў згаданых структур – каб тыя патлумачылі, на якіх умовах медыкі і міліцыянты гатовыя заключыць дамовы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства