Бабруйск: Міліцыянты "апытвалі і правяралі" блогера больш за 11 гадзін
Пасля ранішняга затрымання 4 лютага, бабруйскага блогера Алега Жалнова адпусцілі толькі позна вечарам, пасля 11 з паловай гадзін знаходжання ў УУС.
- Патлумачылі гэта тым, што ім трэба праглядзець відэа, апытаць мяне і міліцыянтаў. Падчас асабістага дагляду сканфіскавалі мае тэхнічныя сродкі, таксама нібыта каб праверыць,- расказаў пасля вызвалення Алег Жалноў.
Блогер адзначае, што ў УУС сёння была запланавана вучэбная трывога па падрыхтоўцы да супрацьдзеяння тэрору. Ён прыйшоў на асабісты прыём да начальніка следчага камітэта ў 8.00 раніцы. На ўваходзе дзяжурны спытаў, ці ёсць у Жалнова зброя.
-На гэтае пытанне я прапанаваў яму дзве аўтаручкі, якія пры пэўных навыках можна выкарыстоўваць для забойства, шарф - гэта можа быць пятлёй, бейсболку, ёй таксама пры жаданні можна забіць, хоць я і не ведаю, як. Таксама я ўзгадаў бірульку сігналізацыі, якая можа выбухнуць падчас нагрэву да пэўнай тэмпературы. Дзяжурны ўсё запісаў, выдаў ключ ад шафачкі, куды я паклаў рэчы і пайшоў на сустрэчу. Але паразмаўляць з начальнікам следчага камітэта мне не давялося, бо праз колькі хвілін у яго кабінет увайшоў маёр Сяргей Рудзько і паведаміў, што "паступіла паведамленне", і мне трэба ісці з імі. З "мыкання" маёра я зразумеў, што будзе не то дагляд, не то асабісты ператрус, - апісвае сітуацыю блогер.
Намеснік начальніка УУС Аляксандр Сяргееў аддаў загад правесці ператрус Жалнова на вуліцы. Пасля блогера пасадзілі ў УАЗ, дзе ён мог назіраць за пажарнымі, "хуткай" і групай размініравання, якія ўдзельнічалі ў вучэннях. Пасля Жалнова яшчэ раз даглядзелі, але ўжо ў дзяжурнай частцы, і накіравалі ў камеру для затрыманых, але ненадоўга.
Толькі ў кабінеце следчага, з дапамогай адвакаткі, якая прыбыла ў УУС, Алег Жалноў даведаўся, у чым яго падазраюць. Пасля пяцігадзіннага чакання, блогер атрымаў пастанову, дзе гаварылася, што "прымаючы да ўвагі тое, што адпалі падставы для далейшага утрымання пад вартай, вызваліць з АДС УУС".
-Паведаміць пра затрыманне мне магчымасці не далі, кшталту, маем права даць вам такую магчымасць на працягу 12 гадзін. Мяркую, гэта было зроблена, каб прынесці як мага болей пакутаў маёй сям'і, у першую чаргу жонцы. А ў выніку яны яшчэ і пазбавілі мяне трох флэшак, трох тэлефонаў без сім-карт і 3G-мадэма з мінікартай памяці. Улічваючы тое, што і сканфіскаваную раней тэхніку мне даюль не вярнулі, лёс гэтай ўжо вядомы. Што тычыцца майго сына Аляксея, на якога заведзеная крымінальная справа, то яго дапыталі, і правялі вочную стаўку з "даішнікамі" Аляксандрам Бутоўскім і Аляксандрам Аляксандравым, а пасля адпусцілі, - расказаў Алег Жалноў.