viasna on patreon

Ігар Пастноў: "Калі грамадзянам забараняюць пікеты, улады самі іх штурхаюць на "майдан"

2014 2014-02-05T10:39:59+0300 2014-02-05T10:45:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pastnou-igar-vicebsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Пастноў, доктар з Віцебску

Ігар Пастноў, доктар з Віцебску

Віцебскі "урач-праўдаруб" хацеў аспрэчыць забарону на пікет-рэквіем ў памяць пра ахвяр міліцэйскага гвалту. Але 4 лютага суд Кастрычніцкага раёну пастанавіў, што раённая адміністрацыя забараніла акцыю на законных падставах. Ігар Пастноў збіраецца і далей абскарджваць судовае рашэнне.

Разгляд скаргі Ігара Пастнова прайшоў у Кастрычніцкім райсудзе 4 лютага. Суддзя Алена Папкова, распачаўшы працэс на 5 хвілін раней, спрабавала не пусціць у залю  праваабаронцаў і знаёмых Пастнова. На ягоную думку, гэта таксама невыпадкова:

"Я лічу, што суддзя спадзявалася правесці працэс ціхенька і як хутчэй, таму і пачала раней, і не стала чакаць усіх, хто на яго хацеў бы трапіць. Гэта спроба зрабіць так, каб пра судовую справу і яе вынікі  даведелася як мага меней людзей. Суддзя нават выклікала дзяжурнага міліцыянта, каб ён "супакоіў хуліганаў". Але праваабаронцы не разгубіліся: па калідоры якраз ішоў старшыня райсуду Яўген Буруноў, яму прадэманстравалі расклад суддзі і гадзіннік – што да пачатку пасяджэння яшчэ прынамсі 2-3 мінуты. І суддзі давялося абвясціць перапынак, падчас якога ў залю ўвайшлі ўсе, хто хацеў", - распавёў Ігар Пастноў.

Пасля гэтага інцыдэнту Пастноў абвясціў адвод суддзі, але ён  не быў прыняты. Таксама Ігар Пастноў хадайнічаў, каб у суд былі выкліканы тыя чыноўнікі раённай адміністрацыі, якія забаранялі акцыю. Суддзя зачытала ліст, што ніхто з раённай адміністрацыі з'явіцца не можа, бо ўсе  чыноўнікі дужа занятыя. Гэта таксама  стала непрыемным фактам для Ігара Пастнова:

"Я тлумачыў суддзі, што маю канкрэтныя прэтэнзіі: што забарона на пікет – гэта не звычайная фармальнасць, а абраза майго гонару і годнасці. Бо я хацеў правесці пікет-рэквіем па сваіх знаёмых, якія сталі ахвярамі міліцэйскага гвалту, але мусіў праводзіць акцыю ў лесе, а не ў парку Мазурына, дзе адмыслова вызначана пляцоўка для масавых акцый. Урэшце рэшт, я патрабаваў 3 тысячы еўра кампенсацыі за маральны ўрон! Але ніякія аргументы суддзю не пераканалі. Яна за паўгадзіны прывяла працэс – прачытала ўсе дакументы са справы за 10 хвілін, яшчэ хвілін 20 сітуацыю тлумачыў я сам. Урэшце, пасля двухгадзіннага  перапынку, суддзя Алена Папкова прачытала рашэнне: маўляў, улады забаранілі акцыі законна."

Прычыны забароны акцыі – адсутнасць дамоў з медыкамі, міліцыяй і службамі ЖКГ на прыборку, ахову пікетоўцаў і дзяжурства хуткай дапамогі".  Гэтае патрабаванне рэгламентавана рашэннем №881 Віцебскага гарвыканкаму. І выканаць яго практычна немагчыма, бо адказныя службы адмаўляюцца заключаць дамовы, пакуль няма дазволу на акцыю ад уладаў. У дадзеным выпадку, лічыць Ігар Пастноў, гэтыя патрабаванні ўвогуле бязглуздыя:

"Пакідаць смецце на месцы пікету я не збіраўся. Пікет мой мусіў быць аднаасобны, я сам урач. Навошта там хуткая дапамога? Ніхто ж не заключае з ёй дамовы, але ўсе грамадзяне проста выклікаюць у выпадку неабходнасці. Я таксама гатовы гэтак зрабіць. А што ўжо да міліцыі, дык на пікет я запрасіў усіх супрацоўнікаў, бо праблема жорсткага абыходжання міліцыянтаў з грамадзянамі вельмі вострая. І кіраўніцтва МУС таксама павінна быць зацікаўлена ў выкананні майго лозунга-патрабавання "Ачысцім міліцыю ад асобаў, схільных да гвалту  і садызму. Калі такія важныя праблемы ігнаруюцца, і акцыі забараняюць, то не проста парушаюць правы грамадзян! Іх самі ўлады  штурхаюць на "майдан", на несанкцыянаваныя пазапраўныя дзеянні".

Скаргу ў суд Ігару Пастнову дапамагаў складаць праваабаронца Пётр Іваноў.  Цяпер яны ўдвох плануюць падаць касацыю ў Віцебскі абласны суд. Па факце спробы суддзі Папковай не пусціць на адкрытае пасяджэнне ўсіх ахвотных удзельнікі інцыдэнту пакінулі 3 скаргі ў Кнізе скаргаў і заўваг Кастрычніцкага райсуду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства