viasna on patreon

У Мёрах затрымлівалі незалежных журналістаў

2014 2014-02-05T22:26:00+0300 2014-02-06T08:27:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zabaronena.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сяржук Кручкоў, Наста Рэзнікава і аператар Аляксандар Пацееў прыехалі на Віцебшчыну здымаць нарыс пра жыццё Мёрскага раёну. А трапілі "на вайну": іх затрымалі за тое, што яны нібыта здымалі "казарму" – памяшканне, дзе рассялілі ўдзельнікаў вайсковых вучэнняў.

Наста Рэзнікава паведаміла, што не паспелі яны падрыхтавацца да здымак, як прыехала міліцэйская машына:

"Нам сказалі, што мы не мясцовыя, а таму не маем права тут знаходзіцца. Загадалі ехаць у пастарунка. І ўжо там паведамілі, што мы нібыта збіраліся здымаць стратэгічны вайсковы аб'ект – "казарму" для ўдзельнікаў вучэнняў. Прайшлося даваць тлумачэнні, што мы якраз збіраліся здымаць касцёл, а тая казаома была не меньш як за метраў 250. Пасля гэтага нам сказалі, што мы вольныя, і службовая машына "правяла" нас да выезду з райцэнтру".

Пра тое, што ў Мёрах праходзяць вучэнніі, журналісты даведаліся ўжо пасля затрымання ад сваіх калег. Насамрэч, у Мёрах дзейнічае "вайсковае становішча" з "каменданцкай гадзінай" ды іншымі абмежаваннямі. Вучэнні распачаліся яшчэ ў 20-х чыслах студзеня. У Мёрах разгорнуты штаб тэрытарыяльнай абароны, тут сфармавана асобная стралковая рота, на часовую службу "мабілізаваны" некалькі соцень ваеннаабавязаных грамадзян.

Аднак журналістаў затрымлівалі на Віцебшчыне і "у мірны час": 26 лістапада мінулага года тую самую Насту Рэзнікаву і Вячаслава Пяшко затрымлівалі ў Глыбокім. Супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну, у якой ехалі журналісты, адразу на ўездзе ў горад. Праверыўшы дакументы, міліцыянты спачатку сказалі, што іх насцярожвае нумар кузава машыны. Пасля праверылі багажнік і папрасілі праехаць з імі ў РУУС, бо вонкава машына і яе пасажыры нібыта падыходзілі пад апісанне махляроў у вышуку. Аднак "арыенціроўку" з "двайнікамі" не паказалі, і прыкладна праз паўгадзіны абодвух вызвалілі, перапісаўшы пашпартныя дадзеныя і нумары тэлефонаў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства