viasna on patreon

БЕЛАРУСКАЯ АСАЦЫЯЦЫЯ ЖУРНАЛІСТАЎ РАСПАЧАЛА АКЦЫЮ ЗА СКАСАВАНЬНЕ АРТЫКУЛАЎ КРЫМІНАЛЬНАГА КОДЭКСУ

2002 2002-09-05T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

5 верасьня Беларуская асацыяцыя журналістаў распачала доўгатэрміновую акцыю за адмену артыкулаў 367, 368 і 369 крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць пакараньне за паклёп і абразу прэзыдэнта й найвышэйшых службовых асобаў краіны. Паводле экспэртаў БАЖу, гэтыя артыкулы абмяжоўваюць свабоду слова ў Беларусі, супярэчаць міжнародным нормам і Канстытуцыі. Сябры асацыяцыі намерваюцца дамагацца іх адмены й распачалі збор подпісаў за разгляд гэтага пытаньня ў палаце прадстаўнікоў.

Паводле гэтых артыкулаў асуджаныя й адбываюць пакараньне журналісты незалежнай газэты "Пагоня" Мікола Маркевіч й Павал Мажэйка. Днямі распачынаецца суд над рэдактарам недзяржаўнай газэты "Рабочы" Віктарам Івашкевічам. У Беларусі склалася сытуацыя, калі крытычны выступ на адрас любога прадстаўніка ўлады расцэньваецца як крымінальнае злачынства – кажа юрыст БАЖ, прафэсар Міхаіл Пастухоў:

(Пастухоў:) "Мы лічым, што гэтыя нормы супярэчаць эўрапейскім стандартам, не адпавядаюць дзейнай Канстытуцыі краіны, парушаюць прынцып роўнасьці. Гэта адкрыта рэпрэсіўнае, тэрарыстычнае заканадаўства, калі некаторых людзей узводзяць у ранг недатыкальных асобаў".

Сябры БАЖ намерваюцца сабраць 50 тысячаў подпісаў, каб зьвярнуцца ў палату прадстаўнікоў з прапановай адмяніць рэпрэсіўныя артыкулы. З гэтай мэтай кіраўніцтва асацыяцыі зьвярнулася да грамадзкасьці, рэдакцыяў дзяржаўных і незалежных СМІ з адкрытым лістом, у якім гаворыцца, што гэткае становішча ёсьць праблемай ня толькі журналістаў. Гаворыць прэзыдэнт асацыяцыі Жана Літвіна:

(Літвіна:) "Адна з мэтаў нашага звароту – прыцягнуць увагу ўсяго грамадзтва. Таму, што за ўсім за гэтым наступствы могуць быць толькі такія: закрытасьць улады. І самае асноўнае, што тады безабаронным перад гэтымі трыма артыкуламі будзе кожны грамадзянін нашай дзяржавы".

Ініцыятары акцыі намерваюцца сабраць неабходную колькасьць подпісаў не пазьней як да канца гэтага году й прапанаваць пытаньне на разгляд наступнай сэсіі парлямэнту.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства