Алімпійская кампанія Front Line Defenders у падтрымку праваабаронцаў
«Правы. Рызыкі. Перамены!» - пад такім лозунгам міжнародная арганізацыя Front Line Defenders разгарнула кампанію па прыцягненні ўвагі да праваабаронцаў з Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, якіяцерпяць пераслед. Сярод 12 імёнаў - Алесь Бяляцкі, кіраўнік ПЦ «Вясна» і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека.
Кампанія стартавала ў Сетцы і сацыяльных медыя адначасова з адкрыццём зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы.
У спісе Front Line Defenders імя беларускага палітвязня суседнічае з імёнамі яго калегаў - Стэфаніі Кулаевай (Расія), Яўгена Віцішка(Расія), Наталлі Таўбіной (Расія), Рустама Мацава (Расія), Аляксандры Дварэцкай (Украіна), Націі Гвініяшвілі(Грузія), Анара Мамедлі (Азербайджан), Дзілрабо Самадавай (Таджыкістан), Дзілмурода Саіда (Узбекістан), Азімжона Аскарава (Кыргызстан) і Розы Тулетаевай (Казахстан).
Кампанія «Правы. Рызыкі. Перамены!» звяртаецца да грамадскасці з просьбай выказаць сваю салідарнасць, падтрымаць гэтых 12 праваабаронцаў і аказаць ціск на мясцовыя ўлады, заклікаць іх паважаць працу праваабаронцаў.
«У той час як ўвага сусветнай грамадскасці прыкаваная да неверагодных здольнасцяў і ўпартасці спартоўцаў з розных краінаў свету, якія сабраліся на гэтыя Алімпійскія гульні, што павінны прайсці пад знакам спартыўнага майстэрства і сумленнай гульні, Front Line Defenders звяртае вашую ўвагу на іншых герояў, якія працуюць з вялікай рызыкай для сябе, каб, нягледзячы ні на што, дамагчыся выканання базавых правоў і свабодаў іншых людзей», - заявіла Мэры Лолар, выканаўчы дырэктар Front Line Defenders, падчас адкрыцця кампаніі.
Усе 12 праваабаронцаў, якім прысвечана бягучая кампанія, прадэманстравалі выдатную мужнасць і сумленнасць ў працы над шэрагам праблемаў у галіне абароны правоў чалавека, гаворыцца ў прэс-рэлізе арганізацыі. Алімпійская каманда праваабаронцаў - пачынаючы з тых, хто, падобна Алесю Бяляцкаму з Беларусі і Азімжону Аскараву з Кыргызстана, адбывае доўгае турэмнае зняволенне, і, сканчаючы тымі, хто, падобна Стэфаніі Кулаевай і Яўгену Віцішка, сутыкнуўся з крымінальным пераследам за тое, што кінуў выклік дыскрымінацыі або абараняў навакольнае асяроддзе, - сутыкаюцца з небывалымі складанасцямі ў працы па абароне правоў чалавека.
На думку Front Line Defenders, сапраўды таксама, як энергетычна зараджаная публіка можа дапамагчы спартоўцам устанавіць новы сусветны рэкорд, грамадскасць можа істотна змяніць жыццё праваабаронцаў, выдаткаваўшы некалькі хвілінаў на тое, каб далучыцца да кампаніі.