viasna on patreon

Новая крымінальная справа за дыфамацыю

2014 2014-02-10T17:42:26+0300 2014-02-10T17:42:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhalnou_alieh.jpg
Алег Жалноў. Фота з сайта baj.by

Алег Жалноў. Фота з сайта baj.by

Пракуратура Бабруйска 7 лютага ўзбудзіла справу па арт. 369 КК РБ – «публічная знявага прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў».

У паведамленні УУС Магілёўскага аблвыканкама гаворыцца, што «на працягу 2012-2013 гадоў на персанальным сайце «Блог Алега Жалнова», размешчаным у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, і іншых рэсурсах быў апублікаваны шэраг абразлівых матэрыялаў у дачыненні да супрацоўніка міліцыі».

Алег Жалноў паведаміў службе маніторынгу БАЖ, што ён даведаўся пра рашэнне бабруйскай пракуратуры ўчора – з інтэрнэту. Паводле яго слоў, ніякіх афіцыйных дзеянняў у дачыненні да яго пакуль не рабілася.

Сам факт узбуджэння крымінальнай справы ён расцэньвае як ціск на яго за блогерскую актыўнасць.

«Я лічу, што асноўная задача міліцэйскіх чыноўнікаў –  пазбавіць мяне магчымасці што-небудзь пісаць у інтэрнэце», –  кажа Жалноў.

Нагадаем, 4 верасня 2013 года блогер разам са сваім сынам выпадкова стаў сведкам парушэння правілаў дарожнага руху работнікамі міліцыі –  няправільнай паркоўкі на тратуары. Ён зафіксаваў гэты факт на відэакамеру і звярнуўся з заявай да супрацоўнікаў ДАІ, якія знаходзіліся побач. У выніку парушэнне ПДР работнікамі ДАІ не было зафіксавана, а на блогера склалі пратакол –  нібыта за парушэнне адміністрацыйнага кодэкса. Пагрозы прыцягнуць Желнова да адказнасці па крымінальнай справе гучалі з боку міліцыянтаў ўжо тады.

24 кастрычніка 2013 г. міліцыя правяла ў яго кватэры сямігадзінны «агляд месца здарэння». Падставай для яго стала заява маёра ДАІ УУС Бабруйскага гарвыканкама Яўгенія Сероштанова, якога нібыта абразіў у інтэрнэце Алег Жалноў.

З кватэры блогера тады былі вынесеныя ўсе электронныя носьбіты інфармацыі. Але следчы камітэт, які праводзіў праверку, крымінальнай справа тады не ўзбуджаў.

Артыкул 369. Абраза прадстаўніка ўлады: Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў караецца грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства